«Круглы стол» у Рэдакцыі «Нашай Нівы» быў прысьвечаны выхаду апошняга тому «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі» (ЭГБ). Для беларускай гістарыяграфіі 7-тамовае выданьне ўнікальнае. Над 17 000 артыкулаў працавалі амаль 700 аўтараў. Тыраж першых двух тамоў складае 20 000 асобнікаў, астатніх — 10 000. Грандыёзны кампэндыюм ведаў пра краіну… Як ім карыстацца? Удзел у абмеркаваньні ўзялі аўтар і навуковы кансультант ЭГБ Анатоль Сідарэвіч, доктар гістарычных навук Захар Шыбека, навуковы рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» Валер Пазьнякоў.

«НН»: Энцыякляпэдыя гісторыі Беларусі выходзіла ў пару палітычных пераменаў і гістарычных пераацэнак. Ці своечасова?

Анатоль Сідарэвіч: Яна не магла выйсьці раней, бо тады гэта было б нешта накшталт савецкага энцыкляпэдычнага даведніка «Янка Купала», дзе не было ні Вацлава Іваноўскага, ні іншых дабрадзеяў Купалы. Праект ЭГБ быў народжаны ў самы разгар перабудовы. На нарадах па слоўніку энцыкляпэдыі (сьпісе артыкулаў, якія ўвойдуць у выданьне) чулася неверагоднае па тым часе: Першая, Другая Ўстаўная грамата, Рада БНР...

Захар Шыбека: Калі Міхась Ткачоў распачынаў гэтую працу, дык гэта была вельмі сьмелая думка — на мяжы фантастыкі. Грамадзтва было саветызаванае, узровень гісторыкаў быў нізкаваты. Падчас працы над энцыкляпэдыяй падвышаўся іх прафэсіяналізм, адкрываліся архівы, зьяўлялася магчымасьць кантактаваць з замежжам. Першыя тры тамы абудзілі цікавасьць да гісторыі ў грамадзтва. І цяпер яно больш падрыхтавана для ўспрыманьня акадэмічных дасьледаваньняў, навукова-папулярных кніг.

Валер Пазьнякоў: Калі б ЭГБ зьявілася цяпер, ужо ня той быў бы грамадзкі рэзананс. Складаючы слоўнік энцыкляпэдыі, разьлічвалі на пяць тамоў. Але вырашылі падстрахавацца і заплянавалі шэсьць — на запас. У выніку, як бачым, матэрыял улез толькі ў сем тамоў.

Савецкія «гіры»

«НН»: Якія станоўчыя бакі мае ЭГБ? Якіх адмоўных можна было пазьбегнуць?

А.С.: Калі б своечасова адбыліся навуковыя дыскусіі, можна было б пазьбегнуць «гіраў» бальшавіцкай гістарыяграфіі. Мяне зьбянтэжыў артыкул у І томе «Антыфэадальная вайна 1649—51 г.». Не было антыфэадальнай вайны, як вельмі добра паказаў прафэсар Грыцкевіч. Прыходзіць Гаркуша ці іншы «ватажок», бунтуе тут мужычкоў і мяшчанаў — пачынаецца варушэньне. Сыходзіць — усё, ніякага варушэньня няма. Тут дзейнічала схема: у Расеі былі сялянскія войны, ва Ўкраіне — гайдамаччына, значыць, трэба было паказаць і ў Беларусі нешта такое. Хоць тут былі зусім іншыя ўмовы: заставаліся свае арыстакраты, памешчыкі. Сяляне зь дзьвюма каровамі ўцякалі ад пана, лічылі, што жорсткі...

Ёсьць артыкулы пра ўсіх першых сакратароў ЦК КПБ. Але няма ўсіх старшыняў Рады БНР. Не падаюцца імёны ўсіх прэм’ер-міністраў міжваеннай Польшчы. Няма Габрыэля Нарутовіча — першага прэзыдэнта Польшчы, абранага з падтрымкай нацыянальных меншасьцяў і забітага польскімі шавіністамі. Няма і Вайцяхоўскага, другога прэзыдэнта, затое ёсьць Масьціцкі — трэці. Прынцып не вытрымліваецца.

Аўтары і кансультанты

«НН»: Першыя тры тамы энцыкляпэдыі рыхтаваліся ў адным палітычным кантэксьце, другая палова — у зусім іншым. Ці атрымаўся цэльны праект?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Падрыхтаваў Аркадзь Шанскі

Падзяка Беларускаму ПЭН-цэнтру за дапамогу ў арганізацыі «круглага стала».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0