Пра льготы вяскоўцам-вучням пры паступленьні ў ВНУ: лічу, што гэта правільная ідэя. У нас у краіне стварылася дыскрымінацыйная сыстэма адукацыі, у якой вясковая школа стаіць на апошнім месцы. І часта не па віне настаўнікаў. Праз эканамічнае бязладзьдзе зруйнавана сям’я, Міністэрствам адукацыі кіруюць некампэтэнтныя людзі, якасьць падручнікаў нізкая.

Заробак настаўнікаў зьневажальны для іхняга статусу. Мала-мала хто мае кампутар, доступ да Інтэрнэту, спадарожнікавую антэну. Увосень я бачыў анкету на гэтую тэму: з 60 настаўніц ніхто ня меў нічога зь пералічанага начыньня. Пра які сучасны навучальны працэс і трансьляцыю якасных ведаў можа ісьці гаворка?

Вясковы настаўнік мусіць кампэнсаваць свае патрэбы тупой ручной сельскагаспадарчай працай, што недаравальна людзям з інтэлектам. Гэта абкраданьне вучняў. Фэмінізацыя школы зь яе канфармізмам спарадзіла самадурны дэспатычны незьмяняльны пажыцьцёвы дырэктарскі статус і корпус.

Гарадзкі вучань мае добрыя магчымасьці для атрыманьня ведаў праз дадатковыя формы навучаньня. Вясковы гэтага пазбаўлены. Роўнасьці няма.

Але вышэйшая школа таксама мае патрэбу ў шанаваньні і падтрымцы. Без адукаванага разьвітага выкладчыка нашы дыплёмы застануцца паперчынай. Адной з conditio sine quam non ёсьць вывядзеньне ўнівэрсытэтаў з-пад апекі Мінадукацыі і наданьне ім акадэмічнай аўтаноміі. Далей, народнай адукацыяй павін-

ны займацца ўнівэрсытэты па сваіх акругах, задаючы стандарты адукацыі — сёньня завышаныя, не забясьпечаныя часам навучаньня. Застаецца чакаць, што колькасьць гараджан, якія раптам стануць вяскоўцамі, значна ўзрасьце.

Мікола Бусел,

Дуброва (Сьветлагоршчына)

***

Падтрымліваю льготы вясковым

Добра ведаю ўзровень адукаванасьці дзяцей як у вясковай, так і ў гарадзкой школе, бо першую скончыў сам, а ў другой праходжу пэдпрактыку. Узровень адукацыі ў горадзе істотна вышэйшы. Нешта падобнае назіраецца, калі параўнаць школы Барысава й Менску. Вынік будзе на карысьць сталіцы.

Настаўнікі даюць лепшыя веды, удасканальваюць мэтодыкі, выпрацоўваюць новыя прыёмы навучаньня, калі адчуваюць канкурэнцыю, прэсынг з боку маладых спэцыялістаў. А тыя з большай ахвотай ідуць працаваць у горад. Настаўнікі на вёсцы нібы пажыцьцёва замацаваныя на сваіх месцах. Бо хто ж у здаровым розуме паедзе працаваць у вёску, ды яшчэ настаўнікам? А тыя маладзічкі, якія ўсё ж трапляюць у «дзярэўню» па ўнівэрсытэцкім разьмеркаваньні, працуюць у вясковай школе па адным прыкладзе: «Абы два гады пратрымацца, дыплём замацаваць».

Добра, калі яшчэ ў школе ёсьць спэцыяліст. А то настаўнік біялёгіі навучае матэматыцы etc. А пасьля Аляксандар Рыгоравіч дзівіцца, што БДУ стаўся навучальнай установай Менску і яго ваколіцаў. Зусім ня льготы патрэбныя вясковым дзецям, а рэальнае паляпшэньне ўзроўню адукаванасьці ў вёсцы. Адзіны спосаб паступіць у ВНУ для вяскоўца — скончыць якісьці каледж, каб падцягнуць веды. Дый тое большасьць выпускнікоў каледжаў зь вёскі ідуць на завочнае. Бо ня кожныя бацькі здолеюць правучыць сына ці дачку яшчэ пяць гадоў. А тыя шчасьліўцы, што ўрэшце скончаць ВНУ, вылузваюцца са скуры, каб не вярнуцца назад у калгас.

Трэба ствараць умовы для працы чалавека, у тым ліку й настаўніка, у вёсцы. Ствараць там здаровую канкурэнцыю. А пасьля ўжо і каб дзеткі зь вёскі ішлі ў ВНУ на роўных правах з гарадзкімі.

Зьміцер Панкавец,

Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0