1 ліпеня сканчаецца дзеяньне пашпартоў узору 1974 г. і нацыянальных пашпартоў узору 1993 г. (з «Пагоняй»). Нягледзячы на тое што ўлады ўсяляк заахвочваюць мяняць пашпарты, у Магілёве багата хто адкладае гэта на апошні момант.

Адны ня маюць прапіскі й сталага месца жыхарства, другія — грошай на новы пашпарт, трэція — на выплату запазычанасьцяў па камунальных плацяжах. А ў большасьці ЖЭСаў гэта зьяўляецца галоўнай умовай зьмены пашпарта. Калі запазычанасьць маецца хаця б за месяц, домакіраўніцтва не заверыць заявы.

Добра тым, каму пашпарт штодня не патрэбны, але як быць жанчыне, што сядзіць у дэкрэтным адпачынку і ў якой муж працуе за мяжой ды зьяўляецца раз на 3—4 месяцы, а то й на паўгоду? Як ёй атрымліваць дапамогу на дзяцей, калі яна не памяняла пашпарта? Ці беспрацоўнаму? У такіх сем’ях звычайна й найвялікшая хранічная запазычанасьць. Калі сям’я й дастае нейкі засілак, то глядзіць, каб пракарміць сябе й дзяцей, а не зрабіць пашпарты. Другая катэгорыя — інваліды, якім сацыяльнай пэнсіі хапае толькі на ежу. Яны ў чаканьні палёгкаў цягнуць з пашпартамі да апошняга.

У большасьць краінаў цяпер бязь візы ня ўедзеш. А ў амбасадах пашпарты трымаюць месяц і болей. Тым часам чалавек аказваецца зьвязаным па руках і нагах. Бо бяз пашпарта нельга нічога аформіць ці ўзяць нейкія дакумэнты. Каб ажаніцца, аформіць крэдыт ці прыватнае прадпрымальніцтва, трэба пашпарт, прайсьці абсьледаваньні ў больніцы таксама можна толькі па пашпарце.

Тэарэтычна існуе магчымасьць афармленьня другога пашпарта, але гэта складаная працэдура й патрабуе асабістай згоды начальніка УУС. Другі пашпарт выдаецца абмежаваным катэгорыям грамадзянаў, чыя праца зьвязаная з частымі выездамі за мяжу.

Каб пазьбегнуць ціску з боку розных ЖРЭУ й ЖЭСаў, трэба зрабіць цэнтралізаваныя пашпартныя бюро, незалежныя ад вышэйзгаданых установаў. Каб спагнаць запазычанасьці за кватэру, ёсьць іншыя спосабы. Чалавек не павінен заставацца без дакумэнтаў толькі таму, што вінен за камунальныя паслугі. Інакш у Беларусі ёсьць усе шанцы стацца краінай зь вялікаю колькасьцю людзей бяз пэўнага месца жыхарства.

Сяржук Гіркін, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0