Адэса, жнівень 1919. Летнім надвячоркам па Садовай вуліцы, раз-пораз азіраючыся, ішоў чалавек у капелюшы і цёмных акулярах з акуратнай бародкай і крыху падкручанымі дагары вусамі. Мінуў Рышэльеўскую гімназію і пошту, агледзеўся, задумаўся, зьвярнуў на Дзерыбасаўскую — там было лягчэй згубіцца ў натоўпе. Нават неспрактыкаваны назіральнік мог здагадацца, што чалавек гэты ад некага хаваецца.

Даўшы круга дзеля пэўнасьці, ён праз чорны двор увайшоў у кватэрку, якую апошнія два месяцы здымаў у мадам Розы. Мадам Роза сустрэла яго ў дзьвярах:

— Господин консул, уже снимите с глаз ваши очки, они вам портят фигуру. Большевики ушли. У нас, кажется, обратно новая власть.

* * *

І сапраўды, у горадзе відавочна паспакайнела, бальшавіцкія патрулі зьніклі, а неўзабаве зьявіліся новыя гаспадары — вайскоўцы Добраахвотніцкай арміі Дзянікіна. За няпоўны год, што беларускі консул Сьцяпан Некрашэвіч правёў у Адэсе, гэта была ўжо шостая ўлада. Частыя зьмены не спрыялі пашырэньню грамадзка-палітычнай дзейнасьці такой сумнеўнай з гледзішча ўсіх гэтых уладаў установы, як Кансулят Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лёс занёс Некрашэвіча ў Адэсу ў верасьні 1918-га — калі Ўрад БНР адкрыў новы дыпляматычны фронт ва Ўкраіне. У Кіеве працавала Надзвычайная Дэлегацыя ўраду пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. У Адэсе дзейнічаў кансулят, які займаўся пераважна справамі вайскоўцаў колішніх беларускіх часьцей Румынскага фронту ды шматлікіх уцекачоў. Першыя два месяцы працы консул Некрашэвіч займаўся рэгістрацыяй беларускіх жыхароў Адэсы і выдаваў пропускі тым, хто меў жаданьне выехаць на Бацькаўшчыну.

Аднак ужо ў лістападзе нетрывалае зацішша, якое панавала ў гетманскай Украіне пад нямецкай акупацыяй, было парушанае паўстаньнем украінскіх сацыялістаў. Яно дакацілася і да Адэсы. 12 сьнежня яе заняло войска Дырэкторыі атамана Грэкава. Беларускі консул сам браў непасрэдны ўдзел у адэскіх падзеях. Украінскі аддзел, які заняў Адэсу, на чвэрць быў укамплектаваны зь беларусаў, таемна дасыланых зь ведама Некрашэвіча ва ўкраінскі штаб.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Шупа, радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0