Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адказвае на пытаньні «Нашай Нівы»

«НН»: Якія заваёвы і дасягненьні, тварэньні й удачы беларусаў за апошні год бачацца Вам найбольш важнымі?

Івонка Сурвілла: Ня так даўно, адказваючы на пытаньні агенцтва БелаПАН, я казала пра тры найважнейшыя нашыя праблемы. Гэта — Расея, Лукашэнка і разьяднаная апазыцыя.

Хаця супрацоўніцтва з Расеяй і надалей патрэбнае саюзьнікам у змаганьні супраць тэрарызму, выглядае, што Захад раптоўна прыгадаў пра Чачэнію, выступіў у падтрымку Грузіі і пачаў нарэшце бачыць «расейскі фактар» у шматлікіх падзеях, якія адбываюцца ў суседніх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Ёсьць падставы меркаваць, што пазыцыя Вашынгтону зьмянілася.

Сапраўдным задавальненьнем была для мяне канфэрэнцыя ў Рызе, у значнай меры прысьвечаная Беларусі. Неўзабаве адбудзецца канфэрэнцыя ў Празе. Дарэчы, зь вялікай прыемнасьцю даведалася, што Вацлаў Гавал перадаў атрыманую ім узнагароду рэдактару «Нашай Нівы».

Што да Лукашэнкі, дык сам той факт, што ён ужывае аргумэнт незалежнасьці, каб абараніць сваю пазыцыю, — паказальны. Хоць у Расеі ўсё яшчэ гавораць пра супольны — расейскі — рубель, думаю, што Лукашэнку ён у гэтым моманце не ў галаве. Безумоўна, няведама, што яшчэ можа стацца за наступныя месяцы. Дый Незалежнасьць для Лукашэнкі — гэта, паўтару, толькі фактар утрыманьня ўлады. Але нават выбары Пуціна ў Расеі могуць аказацца для Беларусі момантам пазытыўным.

Разам з праблемай дастаўкі газу гэта, магчыма, дазволіць нашаму народу пабачыць сапраўдны твар і Расеі, і яе прэзыдэнта.

Апазыцыя, як падаецца, мацнее. Хоць у добразычлівасьць камуністаў у дачыненьні да Незалежнасьці Беларусі неяк цяжка верыць, бо ўся папярэдняя гісторыя кампартыі сьведчыць пра адваротнае. І ўсё ж намер змагацца разам за зьмены — факт пазытыўны. Спадзяюся, што ўся апазыцыя будзе гаварыць адным голасам, у абарону незалежнасьці і дабрабыту Беларусі.

Да гэтых задавальненьняў трэба дадаць штораз большую ўпэўненасьць нашай моладзі ў слушнасьці незалежніцкіх пазыцыяў, штораз большую веру яе ў ідэалы 25 Сакавіка, дэмакратыі і правоў чалавека. Хачу тут сказаць ліцэістам, новым «зубрам» у Баранавічах і ўсім Алегам Шэлеставым і Мікітам Сасімам у Беларусі, што я заўсёды пакладала на іх надзею і што веру ў іхнюю канчатковую перамогу.

Усе гэтыя фактары ўважаю важнымі. Бо яны паказваюць, што Беларусь адродзіцца сваімі сіламі, калі сьвет ёй паспрыяе.

«НН»: Якія страты і няўдачы за апошні год засмуцілі вас найболей?

І.С.: Вельмі засмуцілі сьмерці Васіля Быкава, выдатных беларускіх патрыётаў, сяброў Рады БНР Міхася Наўмовіча і Віталя Кажана. Перажываю штодзённыя атакі рэжыму супраць усяго беларускага, як у выпадку з Нацыянальным ліцэем.

Затое, як выглядае, штораз болей людзей выступае ў абарону Беларушчыны. Магчыма, з нашай традыцыйнай пасіўнасьцю і талерантнасьцю яны ня бачылі б патрэбы гэта рабіць, каб не адчувалі такой несправядлівасьці і такога зьдзеку з усяго, што ім дарагое. Выглядае, улада забылася пра эфэкт бумэранга.

«НН»: Мы жывём у час, калі некаторыя суседнія краіны перажываюць пэрыяд палітычнае стабільнасьці і эканамічнага пад’ёму ды ад рашэньня ўнутраных праблемаў пераходзяць да пашырэньня сваіх палітычных ды эканамічных уплываў на суседзяў, ставяць сабе такія задачы. А Беларусь застаецца ў міжнароднай ізаляцыі, унутрана расколатаю. Якія небясьпекі для нацыі здаюцца сёньня Вам найбольшымі? Што магла б проціпаставіць ім Беларусь?

І.С.: Найбольшай небясьпекай уважаю цяпер закрыцьцё межаў між Беларусяй і яе найбліжэйшымі суседзямі, якія далучаюцца да Эўразьвязу. Пра гэта я казала ў Вільні ў ліпені 2002 г. кіраўнікам Літвы. Трэба бачыць розьніцу паміж Лукашэнкам і беларускім народам, нельга людзей адсякаць ад Эўропы ўзмоцненым візавым рэжымам. Праўда, апошнім часам Польшча і балтыйскія краіны праняліся лёсам Беларусі. Магчыма, ня столькі ў імя нейкай справядлівасьці, а таму, што для іх папросту выгадней, каб Беларусь заставалася незалежнай. Каб межаваць зь Беларусяй, а не з Расеяй.

А нашай мэтай мусіць быць дэмакратыя і ўваход у Эўразьвяз.

Пазбыцца дыктатуры, заняць тое пачэснае месца, якое беларускаму народу належыцца між дэмакратыямі Эўропы, і ёсьць тым выклікам для нашае нацыі, на які мы мусім адказаць. Мадэрнізацыя прамысловасьці, рэформа адукацыі, рэформа сыстэмы аховы здароўя, аднаўленьне зьнішчанай прыроды, ліквідацыя наступстваў Чарнобылю — усё гэта будзе на парадку дня вольнай, незалежнай Беларусі.

«НН»: Увосень краіну чакае выбарчая кампанія. Розныя палітычныя сілы адстойваюць розныя формы ўдзелу ці байкатуюць яе. Якая пазыцыя Рады БНР у гэтым прынцыповым для палітычных працэсаў пытаньні?

І.С.: Рада БНР не прызнае «палаты» за легітымны парлямэнт, а «канстытуцыю», паводле якой яна ўтвораная, — за легітымную Канстытуцыю Беларусі. Новая «палата» ня мусіць быць скарыстаная ў мэтах узмацненьня аўтарытарызму ды ліквідацыі Незалежнасьці Беларусі.

Адзінае, што магу дадаць: будзем вымагаць ад урадаў сьвету максымальна шчыльнага нагляду за працэдурай агітацыі і галасаваньня.

«НН»: Гэты год будзе годам 80-годзьдзя з Дня нараджэньня Васіля Быкава. Раскажэце, калі ласка, як беларусы сьвету будуць ушаноўваць гэтага выдатнага беларускага пісьменьніка.

І.С.: Рада БНР, і наагул дыяспара, дапамагала спадару Васілю пры жыцьці. У мяне засталіся надзвычайныя ўражаньні ад асобы Васіля Быкава, гэта адзін з найвыбітнейшых людзей, зь якімі мне пашчасьціла быць знаёмай. Сьмерць Васіля Быкава ўсьведамляецца беларускай дыяспарай як вялікая страта. Мне падаецца, што ўшанаваньне ягонай памяці не павінна мець характар «кампаніі» і прымяркоўвацца да нейкай канкрэтнай даты. Цяпер мы абавязаныя данесьці да людзей быкаўскае слова, бо, як мы ведаем, гэтаму ў лукашэнкаўскай Беларусі ёсьць вялікія перашкоды. У Канадзе выходзіць кніга інтэрвію прафэсаркі Зінаіды Гімпелевіч з Васілём Быкавым. У Празе пад рэдакцыяй Сяргея Навумчыка падрыхтаваная кніга «Быкаў на «Свабодзе». Гэта, я думаю, толькі пачатак. Вядома, у чэрвені юбілей Васіля Быкава будзе адзначацца ў беларускіх асяродках як у Эўропе, гэтак і ў Паўночнай Амэрыцы.

Мы заўсёды будзем памятаць, што Васіль Быкаў лічыў Акт 25 Сакавіка 1918 г. найважнейшай падзеяй у гісторыі краіны. Ягонае жыцьцё застаецца прыкладам вернасьці і адданасьці Бацькаўшчыне для кожнага беларуса.

Гутарыў Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0