Шэрагі Канфэдэрацыі незалежных прафсаюзаў могуць вырасьці да 15 тысяч чалавек.Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі пакінуў прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) — апошняе галіновае прафаб’яднаньне з самастойнай пазыцыяй. Назіраючы за тым, як козікаўская ФПБ адхіліла ад кіраўніцтва А.Ярашука ды А.Бухвостава, РЭП пайшоў на апераджальны крок, выйшаўшы са складу Фэдэрацыі.
Праўда, ФПБ пасьпела расьцягнуць сяброў РЭП. Паводле зьвестак прэс-службы ФПБ, на 1 студзеня 2003 г. у прафсаюзе РЭП на ўліку стаяла 40 тысяч чалавек, аднак за год колькасьць членаў РЭП скарацілася ў 40 разоў. Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч называе іншыя лічбы. Паводле ягоных словаў, у РЭПе цяпер 3 тысячы сябраў, а разам з АСМ стане каля 5 тысячаў.
17 сакавіка паседжаньне прэзыдыюму прафсаюзу аднагалосна выказалася за пераход у вольнае плаваньне. Цяпер да прафсаюзу РЭП мяркуюць далучыцца незарэгістраваны Незалежны прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня (АСМ) на чале з Аляксандрам Бухвоставым і частка галіновага прафсаюзу мэталістаў. Пазачарговы зьезд РЭП скарэктаваў свой статут, увёўшы пасаду сустаршыні, і зьмяніў назву на РЭПАМ — прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабілебудаваньня, мэталаапрацоўкі ды іншых галінаў народнай гаспадаркі. Зьмены ў статут знаходзяцца на рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Калі рэгістрацыя адбудзецца, аб’яднаны прафсаюз РЭПАМ з колькасьцю штыхоў да 5 тысячаў можа ўліцца ў Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Але «кіраўніцтва ФПБ усяляк супрацьдзейнічае рэгістрацыі зьменаў у статуце РЭП», — скардзіцца А.Бухвостаў.
Сам БКДП цяпер яднае прыкладна 10700 чалавек. У Кангрэс уваходзяць Незалежны прафсаюз гарнякоў і транспартнікаў (Салігорск) колькасьцю 6,5 тысячы чалавек, Свабодны прафсаюз Беларускі — 2,5 тысячы чалавек, Незалежны прафсаюз мэталістаў і Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў — кожны па 800 чалавек.
Трэба адзначыць, што СПБ на чале з Генадзем Быкавым прыпыніў сяброўства ў БКДП у сьнежні 2003 г. пасьля пазбаўленьня СПБ права голасу ў радзе Кангрэсу за няўплату цягам апошніх двух гадоў сяброўскіх унёскаў.
Больш за месяц Мінюст дасканальна правярае прафсаюзы, што ўваходзяць у БКДП. «Нас хочуць калі не ліквідаваць, дык аслабіць», — кажа віцэ-прэзыдэнт БКДП Мікалай Канах. БКДП рыхтуецца паведаміць пра факты ўціску спэцыяльнай камісіі па дасьледаваньні правоў працоўных Міжнароднай арганізацыі працы, якая мае наведаць Беларусь 15—23 красавіка. Да лістапада камісія падрыхтуе даклад пра сытуацыю ў Беларусі Адміністрацыйнай радзе МАП. Калі камісія пацьвердзіць факты парушэньняў, беларускі ўрад можа абскардзіць рашэньне МАП у Міжнародным судзе ў Гаазе (такое здараецца надзвычай рэдка) або пагадзіцца з вывадамі камісіі і абавязацца да канкрэтнай даты ліквідаваць усе недахопы. Інакш краіну чакаюць эканамічныя санкцыі.
Прафсаюз РЭПАМ добра ўмацаваў бы БКДП. Ня толькі сябрамі — да аб’яднанага прафсаюзу блізкая газэта «Рабочая солидарность». Аднак у прафсаюзах разумеюць, што да злучэньня ім прыйдзецца вытрываць чарговую атаку ўладаў.
Рыгор Буян
Пікет РЭПу супраць пераводу працоўных на кантрактную сыстэму адбудзецца на пл.Ванеева ў пятніцу, 26 сакавіка, а 16-й гадзіне.