Летась, у ноч з 19 на 20 сакавіка, мяне абудзіў тэлефонны званок. Пакуль я зь цяжкасьцю разьляпіў вочы, пакуль падняўся, пакуль намацаў тэлефон, ён перастаў зьвінець. На гадзіньніку было каля трэцяй. І тут я зразумеў: гэта ж сыгнал! Трэба тэрмінова ехаць на працу, рабіць навіны. Тая самая вайна ў Іраку, пра якую ўвесь час гаварылі Буш-малодшы й кампанія, пачалася.

Першыя некалькі гадзінаў, а потым і дзён інфармацыі з тэатру баявых дзеяньняў амаль не было. На экране Сі-Эн-Эн амаль увесь час можна было бачыць адно бязьлюдную пустыню й танкі з бэтээрамі на маршы. У тую вайну была зроблена адна вынаходка. Журналістаў вядучых амэрыканскіх кампаніяў прыкамандзіравалі да амэрыканскіх марпехаў і ў літаральным сэнсе пасадзілі на браню. Лепшага спосабу ваеннай цэнзуры й не прыдумаеш. (Калі не лічыць, вядома, стрэлаў наўпроставай наводкай з танкавай гарматы ў прэсавы цэнтар.)

Журналіст на перадавой лініі папросту ня ў стане ацаніць стратэгію вайсковай апэрацыі ў цэлым ці нават скласьці аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца. Ён свайго роду закладнік, толькі не тэрарыстаў, але айчынных жаўнераў ды афіцэраў, ад якіх залежыць жыцьцё журналіста. Усё, што тычыцца не эмоцыяў, але менавіта інфармацыі, даводзіцца атрымліваць з рук камандаваньня ці афіцыйных асобаў. Амэрыканскія гэта асобы ці ірацкія, насамрэч вялікага значэньня ня мае.

Заявы міністра інфармацыі Іраку Саіда аль-Сахафа былі разнастайнымі й нечаканымі, нават парадаксальнымі, за што яго палюбілі тэлежурналісты дый проста тэлегледачы. Калі сілы саюзьнікаў захапілі Міжнародны аэрапорт у Багдадзе, міністар заявіў, што гэтыя сілы акружаныя й павінныя здацца, «інакш яны ня выжывуць». Паводле ягоных словаў, ірацкія войскі рыхтуюцца да «нестандартнай і неваенннай атакі», што паслужыць агрэсарам «цудоўным урокам». Прынамсі, гэта гучала больш нестандартна й вынаходліва, чымся надакучлівая інфармацыя аб тым, што войскі кааліцыі вось-вось перасякуць «чырвоную мяжу» пад Багдадам, пасьля чаго Садам Хусэйн нарэшце абавязкова скарыстаецца сваёй сакрэтнай зброяй масавага зьнішчэньня.

Можна сёньня колькі заўгодна сьмяяцца з ірацкага міністра інфармацыі. (Хаця я асабіста сумняюся, каб хто-небудзь з айчынных міністраў падобнага профілю ў выпадку вострага крызысу пайшоў бы да журналістаў пад кулі й бомбы.) Можна іранізаваць зь няўклюдных апраўданьняў амэрыканскага камандаваньня наконт «мінімізацыі стратаў сярод цывільнага насельніцтва» альбо «прыцэльнага бамбакіданьня». Расейскія, а ўсьлед за імі й беларускія СМІ менавіта гэтым займаліся, аж пакуль Багдад ня здаўся на ласку пераможцаў, можна сказаць, без адзінага стрэлу. Вайсковая моц аднаго з самых грозных на Ўсходе рэжымаў аказалася такім самым блефам, як і адданасьць іракцаў свайму правадыру — за яго на апошніх выбарах аддалі галасы амаль 100% грамадзянаў.

Шок, выкліканы падзеньнем сяброўскага дыктатарскага рэжыму, быў такім моцным, што ні масавае марадзёрства й рабаваньне музэяў у Багдадзе, ні цяперашнія крывавыя тэракты, на якіх акцэнтуюць увагу сродкі дзяржаўнае прапаганды, не дапамаглі ім узяць рэванш. Шок не прайшоў дагэтуль. Ня тое каб афіцыйны Менск моцна напалохала гісторыя з факсам, знойдзеным у ірацкай пустыні, які нібыта даказвае факт паставак беларускіх узбраеньняў Хусэйну. «Тоны папераў» з доказамі вайсковага супрацоўніцтва Багдаду зь Менскам і Масквой, якія абяцалі паказаць на ўвесь сьвет ірацкія апазыцыянэры, так і ляжаць недзе бяз руху, калі ўвогуле захаваліся. Але ж і ўявіць сытуацыю накшталт высяленьня амэрыканскае рэзыдэнцыі з Драздоў, як гэта было за некалькі гадоў да вайны ў Іраку, цяпер даволі цяжка.

Аднак гэта ўсё дэталі. Застаюцца некалькі кардынальных пытаньняў. Ці апраўданая была вайна ў Іраку? Адказ у кожным выпадку будзе неадназначны, калі ўвогуле магчымы. Што тычыцца зброі масавага зьнішчэньня, дык у наяўнасьці яе ў Хусэйна сумняваліся ня толькі ў Бэрліне й Парыжы, але, напэўна, і ў самой адміністрацыі Буша, ня кажучы пра брытанскі Форын Офіс.

Перад самым пачаткам вайны ў адной зь нямецкіх газэт было зьмешачанае інтэрвію выдатнага польскага пісьменьніка Станіслава Лема. Галоўны ляйтматыў таго інтэрвію быў: «На Багдад!» А ў абгрунтаваньне гэтай пазыцыі прыводзіўся той факт, што, калі б саюзьнікі ў 1945-м вагаліся, ці трэба ўводзіць войскі ў Нямеччыну, Гітлер яшчэ вельмі доўга заставаўся б ва ўладзе. І пытаньне, наколькі былі блізкія нямецкія навукоўцы да стварэньня ядравай зброі, мела тады другаснае значэньне.

Падобную пазыцыю выказвалі год таму ў прэсе многія ўсходнеэўрапейскія інтэлектуалы, вядомыя ў мінулым дысыдэнты. Яны кіраваліся ў сваіх развагах найперш маральным фактарам: трэба пазбавіць ірацкі народ крывавага дэспата. Усё новыя масавыя пахаваньні дзясяткаў тысяч забітых мірных жыхароў, якія знаходзяць у Іраку, сьведчаньні катаваньняў, гвалту і зьверстваў памагатых Садама ня скінеш з рахунку. Як ня скінеш з рахунку і відавочных разьлікаў Вашынгтону на выкарыстаньне ў будучым у нацыянальных, у тым ліку чыста фінансавых, інтарэсах ірацкае нафты.

Чаму Вашынгтон палічыў за лепшае ўзяць на ўзбраеньне не барацьбу з дыктатарскім рэжымам, а праблему зброі масавага зьнішчэньня, якая патэнцыйна магла апынуцца ў руках дыктатара ці тэрарыстаў, — зразумець можна. Толькі гэтая праблема магла быць дзейсным рычагом націску на ААН. У гэтай арганізацыі прадстаўленыя, сярод іншых, рэжымы, падобныя да садамаўскага. Прынамсі, пастаянныя сябры Рады Бясьпекі Кітай і Расея ў самую апошнюю чаргу заклапочаныя парушэньнем правоў чалавека дзе б там ні было.

Наколькі менавіта такая пастаноўка пытаньня Злучанымі Штатамі ў ААН была эфэктыўнай з гледзішча міжнароднай маральнай падтрымкі — пакуль да канца не зразумела. Ва ўсялякім выпадку, выбухі ў Мадрыдзе, што прывялі да зьмены гішпанскага ўраду і непазьбежнага ў будучыні вываду гішпанскіх войскаў з Іраку, прымушаюць па-новаму паглядзець на падзеі нядаўняга мінулага. Калі амэрыканская адміністрацыя сапраўды ставіла на мэце барацьбу зь міжнародным тэрарызмам у цэлым і Аль-Каідай у прыватнасьці, то выглядае, што вайна ў Іраку вырашэньню гэтай задачы паспрыяла не найлепшым чынам.

Дый Польшча, якая паставіла на карту вельмі многае, але падтрымала ЗША ў ірацкім канфлікце, не зважаючы на крытыку такіх грандаў аб’яднанай Эўропы, як Нямеччына й Францыя, няшмат набыла. Нядаўні візыт прэзыдэнта Квасьнеўскага ў Вашынгтон у Польшчы быў прызнаны няўдалым з пункту погляду эканамічных прэфэрэнцыяў, на якія разьлічвала Варшава перад вайной у Затоцы. Як зазначыў адзін амэрыканскі паліттэхноляг, які нядаўна наведаў Менск, падтрымка ЗША з боку нейкай краіны ў нейкай канкрэтнай сфэры, напрыклад у вайсковай апэрацыі ў Іраку, яшчэ не азначае, што Злучаныя Штаты будуць аўтаматычна падтрымліваць гэтую краіну ва ўсіх сфэрах, у тым ліку фінансавай, толькі з удзячнасьці.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0