З 1 траўня Беларусь стане непасрэднай суседкай аб’яднанай Эўропы: да Эўразьвязу далучацца Польшча і Літва.

У сувязі з гэтым хачу спыніцца на візыце ў Менск намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэна Пайфэра. Заслугоўваюць вялікай падзякі такія намаганьні міжнароднай супольнасьці дзеля дэмакратызацыі Беларусі. Але лёс Беларусі перадусім мусім вызначаць мы, яе грамадзяне. Наколькі мы гатовыя адстойваць дэмакратычныя каштоўнасьці: свабоду СМІ, свабодныя выбары? Большасьць беларусаў чакаюць зьменаў да лепшага. А ці гатовыя яны за гэта лепшае змагацца, а ня проста чакаць добрага дзядзьку Сэма?

Што для звычайнага абывацеля значыць вольны друк, калі яму няма чаго апрануць ці зьесьці? Што можа зрабіць студэнт, калі яму не дазваляюць здаць запазычанасьць без уступленьня ў БРСМ? Пытаньні, на якія далёка ня кожны адважыцца сказаць: я чалавек, і я не дазволю за сябе вырашаць, куды мне ўступаць і што мне чытаць.

Кажуць, што беларусы не дарасьлі да дэмакратыі. А хто даў права так судзіць? Няўжо й дзіцяці можна адмовіць у яго асноўных правах, бо яшчэ малы?.. Чалавек — мера ўсяго. І правы асобы перадусім. Пазьней — сям’я. А толькі тады — грамадзтва, дзяржава. І калі дзяржава не дае мне свабоды ці ня здольная гарантаваць людзкі ўзровень жыцьця, то нашто мне такія ўладары? Ці я ня маю права свабодна выказваць думкі, атрымліваць за працу людзкі заробак, патрабаваць сацыяльнай абароны? А тое, што нехта карыстаецца з нашай слабасьці, зь няведаньня, ганьбіць добрае, дык гэта, я пэўны, часова. І канец такіх незайздросны.

Чую, што блізка той час, калі кожны зможа адчуць сябе Асобай, а не бездапаможным шрубком. І ці варта дзівіцца, калі ўжо й у старых людзей расплюшчваюцца вочы на сапраўдны стан рэчаў, на хлусьлівасьць улады. Да нас пачнуць ставіцца як да людзей.

Эўропа ідзе! Вітайма!

Мікола Арцюхоў, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0