Актывісты правае партыі — Аб’яднанае грамадзянскае — ідуць да прахадных заводаў, каб весьці непасрэдны дыялёг з рабацягамі.

Людміла Гразнова, якая ўваходзіла ў лібэральную фракцыю Вярхоўнага Савету, таксама дзяячка АГП, арганізуе сход грамадзянаў, абураных абдзіралаўкаю, якую чыняць камунальныя службы. «Дэмакрат наагул», доктар Вячаслаў Оргіш, піша вялікі артыкул пра кантрактную сыстэму эканамічнага і палітычнага паняволеньня працоўных...

А дзе абаронцы людзей працы паводле азначэньня, дзе левыя? Дзе Аляксандар Бухвостаў, дзе Мікола Статкевіч, дзе Станіслаў Шушкевіч? «Ды супакойся, — скажуць мне, — быў жа ў «НН» артыкул Леаніда Гаравога». Але, па-першае, у «НН» аніяк не пазначана, што Л.Гаравы — сацыял-дэмакрат. Па-другое, Л.Гаравы сам апынуўся ў сытуацыі шызу. Яшчэ ў студзені ён прапанаваў зьезду БСДГ праект рэзалюцыі аб кантрактнай сыстэме, але партыйныя кіраўнікі адхілілі яго. І маўчаць, як тыя ягняты. Маўчаць і БСДП (НГ), і Партыя працы, ня кажучы пра Сацыял-дэмакратычную партыю народнае згоды ці «Надзею».

Сацыял-дэмакратыя ў Беларусі рызыкуе ператварыцца, кажучы словамі Яна Станкевіча, у ганьбу нашага часу. Гонар левых бароняць людзі з ПКБ. Добрыя весткі пра іх акцыі і намеры прыходзяць зь Віцебшчыны і Берасьцейшчыны. І хоць я зь недаверам стаўлюся да камуністаў, гэтыя іх крокі надаюць мне трохі аптымізму: а мо шыз удасца ўсё-такі пераадолець?

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0