Апошнім часам беларускія культурніцкія колы адзначыліся вялікай колькасьцю наладжаных прэмій.

Яны маюць розны век, свае дзялянкі й вызначанае кола кандыдатаў, таму некаторыя прэзэнтуюцца як «суб’ектыўныя». Сама ідэя ўзнагароджваць суб’ектыўнай прэміяй не зьяўляецца абсалютна арыгінальнай.

Ініцыятарам такога ўшанаваньня быў у сярэдзіне ХІХ ст. вядомы мэцэнат і філянтроп М.М.Мураўёў. Пасьля задушэньня паўстаньня Каліноўскага графу і віленскаму генэрал-губэрнатару закарцела ўзнагароджваць прэміяй ад свайго імя тых навукоўцаў, якія стварылі б гэтак запатрабаванае «особое руководство по русской истории для Северо-Западного края». У гэтай працы трэ было давесьці лягічнасьць зьяднаньня краю з Расейскай імпэрыяй праз бясспрэчную прыналежнасьць мясцовага насельніцтва да расейскага народу. Прэмія гэтая ў хуткім часе была забытая, бо ўсё ж большасьць дасьледчыкаў з тых, што шчыравалі над перапрацоўкай нашае гісторыі на патрэбны капыл, адзначалі яе адрознасьць ад расейскай. Цяпер жа, у абставінах новае ідэалягічнае ўстаноўкі зноў ствараць «правільную гісторыю», знайшліся ахвотнікі, што гэтак шчыра кіруюцца дадзенымі амаль 150 гадоў таму рэкамэндацыямі, што рыхтык трапляюць на годнасьць намінантаў на Мураўёўскую прэмію. Ужо выдадзеная і праца магілёўскага рупліўца — на радасьць усяму нашаму амаль ізноў «Паўночна-Заходняму краю».

Усевалад Сьцебурака, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0