Пасол Беларусі ў Латвіі Ламкоў у інтэрвію тамтэйшаму радыё дагаварыўся да таго, што ў Беларусі жыве… 40 працэнтаў расейцаў. У мінулы чацьвер гэта растыражавалі беларускія СМІ. І што, вы думаеце, МЗС яго паправіў ці ён сам прабачыўся? Ані. Выпадак прыватны, але тыповы. Во так уяўляюць сваю краіну асобныя нашы паслы, так яны рэагуюць на публічную крытыку. Увогуле, у палітычных элітах культура бескультур’я, культура лухты стала правілам выжываньня: вярзі абы-што — і табе гарантаваная кар’ера. Называй Быкава паэтам, Карпенку — раскрадальнікам узбэцкае бавоўны, Польшчу — марыянэткавай дзяржавай…

Гэтыя штучкі не выпадковыя. Такую культуру лухты наўмысна песьцяць на дзяржаўным тэлебачаньні і ў газэтах: чым больш блытаніны ў галовах, чым больш міталягізаваная карціна сьвету, тым лягчэй людзей палохаць. Для эўрапейцаў вечны беларускі слоўны панос глядзіцца проста дзіка. Нават вытрыманыя паслы Францыі й Польшчы на мінулым тыдні ня вытрымалі, выказалі Яўгену Новікаву пратэст. А мы неяк нават і звыкліся.

Як от звыкліся з дурным правілам напівацца на сьвяты. От, Вербніца. Што, кажаш, няможна працаваць? Значыць, нада атмеціць. Вялікдзень? Нада атмеціць. Траціцца само аблічча нашай цывілізацыі. Ад чаго гэта? А з тае ж культуры бескультур’я.

Вялікае сьвята ў нядзелю. Сёлета яно шчасьліва прыпала на адзін дзень у каталікоў і праваслаўных. Такая пацеха, асабліва для мяшаных, каталіцка-праваслаўных родаў: сустрэцца разам. Мы выкарысталі каляндарнае супадзеньне, каб паразважаць у гэтым нумары на тэму адзінства хрысьціянаў. Ці стануць калі «ўсе адзіна»? На пытаньні «НН» адказваюць праваслаўныя і каталіцкія інтэлектуалы, таксама ў Рэдакцыі адбыўся «шматканфэсійны» прагляд фільму Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы», вакол якога зламана столькі дзідаў.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0