Нядаўна мне давялося пачуць па радыё, што ў Беларусі ўлады адмовіліся занесьці ў афіцыйны рэгістар фільм пра Васіля Быкава. Я ня бачыў гэтага фільму і таму не магу рабіць вывад пра яго мастацкую вартасьць. Не разумею таксама, што гэта за рэгістар. Дый наагул, здавалася б, ня варта надаваць гэтай справе вялікага значэньня. Тым ня менш, недзе ў глыбіні душы не дае мне спакою думка, што некаторыя з «моцных гэтага сьвету» хацелі б, каб беларусы забыліся на гэтага вялікага пісьменьніка і чалавека, які праз усё жыцьцё, нягледзячы ні на якія абставіны, заставаўся самім сабою і не ішоў на кампраміс са сваім сумленьнем. Такія людзі звычайна невыгодныя ўладам, якія стараюцца «пахаваць» памяць пра іх. Гісторыя дае нам шмат прыкладаў.

Міжволі прыходзіць на думку тое, што здарылася амаль дзьве тысячы гадоў таму назад, калі тыя, якія ўважалі сябе духоўнымі правадырамі народу, дамагліся сьмерці невыгоднага ім Чалавека, які гаварыў словы, прыкрыя для іх, але якога народ слухаў з захапленьнем.

Для пэўнасьці яны «забясьпечылі магілу, прыклаўшы пячаткі да каменя і паставіўшы варту» (Мц 27:66). У такі спосаб яны думалі, што расправіліся зь ім назаўсёды. І памыліліся, бо разважалі чыста па-людзку, не зразумеўшы, што магіла не магла ўтрымаць Таго — і ніякія пячаткі не былі ў стане схаваць праўды пра Яго — хто сказаў пра сябе: «Я ёсьць дарога, і праўда, і жыцьцё» (Ян 14:6). Таму іхнія намаганьні аказаліся дарэмнымі, як гаворыцца ў адной з царкоўных нядзельных песьняў: «Хоць юдэі запячаталі магільны камень і жаўнеры сьцераглі ўсячыстае цела Тваё, Ты ўваскрос на трэці дзень, Хрысьце Спасе, даруючы сьвету жыцьцё». Дый пасьля ўваскрасеньня тыя самыя правадыры стараліся не дапусьціць весткі да народу і нават загадалі вучням Хрыста Пятру і Яну «не гаварыць пра імя Ісуса», на што атрымалі адказ: «Судзіце самі, ці справядліва перад Богам слухаць больш вас, чым Бога?» (Дз. 4:11—12).

Сёньня сьвет, а зь ім і Беларусь, перажывае не найлягчэйшыя хвіліны. І таму зусім заканамерна ўзьнікае пытаньне, што значыць для нас сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, якое мы зьбіраемся сьвяткаваць. Калі б мяне папрасілі даць адказ у некалькіх словах, дык я б сказаў, што гэтае сьвята дае мне ўпэўненасьць у канчатковай перамозе Праўды, якое нельга схаваць пад ніякімі пячацямі. Гэта тая Праўда, якая «зробіць нас свабоднымі» (Ян 8:32), бо безь яе мы сьляпыя і ня ў змозе зрабіць свабодны выбар. Гэта тая Праўда, што паказвае нам дарогу да адзінай крыніцы сапраўднага жыцьця — Госпада Ісуса Хрыста, якога магіла не магла ўтрымаць. Таму, нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя цяжкасьці і нягоды, мы вітаем адно аднаго ў гэты дзень словамі, поўнымі радасьці і надзеі:

ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Вялікдзень-2004

а.Аляксандар Надсан,

апостальскі візытатар для беларусаў замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0