З 12 чэрвеня спыняюцца ўсе пастаўкі ільновалакна на зьнешні рынак. Паводле загаду ўраду, усе льновалакно, якое выпрацоўваецца, заводы абавязаны пастаўляць на Аршанскі камбінат, каб забясьпечыць стабільную працу флагмана беларускай лёгкай прамысловасьці. Аднак камбінат не разьлічваецца з ільнозаводамі за пастаўленую сыравіну. Запазычынасьць Аршанскага ільнокамбіната заводам на 22 чэрвеня перавысіла Br5,1 млрд., у тым ліку пратэрмінаваная — амаль Br4,4 млрд.
У Менсельгасхарчы мяркуюць, што нельга, падтрымліваючы адно прадпрыемства канцэрна «Беллегпрам», яшчэ больш пагаршаць эканамічнае становішча прадпрыемстваў ільняной галіны. Так, па выніках студзеня‑красавіка ільнозаводы ад рэалізацыі валакна атрымалі Br20,8 млрд. стратаў, рэнтэбельнасьць рэалізаванай на ўнутраным рынку прадукцыі склала мінус 53%.
Тым часам на сусьветным рынку цяпер складваюцца вельмі выгодныя цэны на ільновалакно. Расея набывае кароткае валакно па цане $340‑350 за тону супраць $208 на ўнутраным рынку. Кітай гатовы купляць рэшткі ільнавалакна па яшчэ больш выгодным цанам.