так раззлавалася што нават забылася выняць тэлефонную картку зрабіла камусьці падарунак невялікая страта ды якое яны права маюць са мной размаўляць такім тонам і яшчэ гэты цюхля абцас трэснуў зьняла лёгка пайшла басанож кінула туфляй у дворніка злавіла сукенку на жываце вольная гэта ёй пасыгналілі вунь з таго опэля а зашыпелі як мярзотна кыс кыс кыс мудакі! дарослая не яшчэ а ўжо: а ідзіце вы ўсе! я жыць хачу

Стаяла лета, і яе звалі Віялетай — рыфма спрыяла легкадумнасьці. Кароткай маўклівай гутаркі зь несапсаванай тытунём цыгарэтай ёй хапіла, каб завяршыць укладку думак у галаве — больш формы, больш аб’ёму. Віта выкінула недапалак і аглядзелася вакол. Яе прыціскала да грудзей бліскучая грамадзіна вакзалу, гадзіньнік на вежы паказваў 9.29. Было сонечна й халаднавата, і людзі плавалі ў гэтым тэмпэратурным кактэйлі. Некалькі хвілінаў яна вывучала свой адбітак у люстраным акне: яна была высокай, аднаго росту з большасьцю навакольных мужчын, на ёй была кароткая жоўтая сукенка, пад сукенкай — толькі вяршкі празрыстых стрынгаў, на плячы вісела маленькая, амаль пустая кайстрачка. Доўгія русыя валасы і небясьпечна адкрытыя ногі сеялі за сьпінай сьмерць і руйнаваньне. Прынамсі, Віта на гэта спадзявалася. Што ж, улічваючы тое, як таропка яна выскачыла з кватэры, выглядала Віта зусім няблага. Тут яна заўважыла, як па той бок шкла, за некалькі, па сутнасьці, сантымэтраў, за ёй назірае нехта недагледжаны, нізенькі, пляшывенькі — Віта аблізнулася яму, і ён пасьпешліва адвярнуўся. Яна з пачуцьцём уласнае перавагі абвяла вачыма сьвет і вырашыла зайсьці.

Тут, натуральна, пачалося. «Дзяўчына, зьмерзьнеце, прастынеце, давайце я вас на руках аднясу!» Яшчэ чаго. Віта пастаяла, задраўшы галаву, перад раскладам: нічога цікавага, усялякія Ніжнявартаўскі ды Псковы. «Сонейка, ножкам ня хо?» Яна паднялася ў бар, замовіла кавы, не дачакалася, накіравалася ў залю чаканьня, потым паднялася на апошні паверх. Яе свабода патрабавала выхаду. Вось зараз яна праводзіць парачку цягнікоў, а потым басанож у мэтро, да Сьветкі. Бездапаможная... Гэта ж трэба такое пра яе сказаць. Віта ўявіла, як яе цела падае ўніз — атрымлівалася, што якраз на эскалятар, які зноў прывязе наверх. Яна спусьцілася да білетных касаў.

Разумным дзяўчынкам падабаецца назіраць за людзьмі. Віта любіла здагадвацца пра чалавечыя фобіі. Вось той, нізенькі, пляшывенькі, чаго ён баіцца? Відаць, больш за ўсё — сэксуальных паразаў, а яшчэ — згубіць працу й забыцца перад выхадам на вуліцу зашпіліць прарэх. А тыя хлопцы ў «опэлі»? Ну, тыя, відаць, жабрацтва. І яшчэ сваіх паміраючых мамаў, якія ніяк не памруць. Яна паглядзела на зачыненае акенца адной з касаў. Ля яго стаяў няголены, насаты, плячысты прыгажун у чорнай майцы і маркотна калупаўся ў роце зубачысткай. У. Пра гэтага так адразу й ня скажаш. Калі такі й спалохаецца чаго, то адразу ж са страху сатрэ небясьпеку ў пральны парашок. Ля ног насатага прыгажуна, як нямецкая аўчарка, ляжала вялікая, пародзістая, мускулістая спартовая торба. А ў ёй што?.. Два кіляграмы трацілу, ды Каран, ды ятаган.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Альгерд Бахарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0