Лірыка

Учора ўвечары ішоў дужа прыемны, натхняльны, не халодны дождж.

Мільярдамі кропляў... Нарадзіліся радочкі, пакуль ехаў дадому:

Кроплі

Кропляў сардэчных такіх не існуе,

Выправіць каб веснавы сэрцабой.

Кроплямі дождж шапаціць, ён спрабуе

Думкі глушыць пра сустрэчу з табой.

Плыняй густой час па небе сьцякае,

Цягнучы кропелькі зорак з сабой.

Літараў шэраг магічны: к-а-х-а-ю

Яснай на шкле выступае расой.

Уначы дождж не спыняўся...

-- Дождж...

-- Гэта эратычна.

-- Як гэта? Чаму?

-- Дождж гэта вільгаць, пранікненьне, такт... У яго ёсьць прэлюдыя, пачатак, заканчэньне. Ён можа зьнясіліць. Дождж агаляе паверхні, змушаючы іх блішчэць. Ён -- сіла і пяшчота...

Дажджлівых сноў, вільготных мрояў

Табе ў гэтае начы...

Маўчы! Павейкі зьмеж. З табою

я побач, любая. Маўчы...

А ранкам першыя ж уражаньні ад позірку ў вакно леглі ў тэкст:

Горад памыты душам зь нябёсаў,

Шчэрыцца бляскам новаму дню.

Двое адважных спрачаюцца зь лёсам,

Жыць даючы каханьню свайму.

Па дарозе на працу мяне паліваў ужо іншы дождж -- грашовы. Грашовы -- гэта дробненькі, цёплы, лагодны. Калі адчуваю грашовы дождж -- ніколі не бяру парасон. Пад такім дажджом варта прамокнуць...

Ціхім шоргатам новых банкнотаў,

Стракаценьнем буйных мінэралаў,

Звонам чыстым каштоўных мэталаў

Атачае мяне непагода...

А вам як, даспадобы дождж?

Сямён Карагод

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0