Вяртаньне Касі Камоцкай, абноўлены «Ўліс», Кулінковіч па-беларуску, «Крама» зь сьвежай праграмай, 30 кіляватаў гуку — на канцэрце «Генэралы айчыннага року».

25 красавіка Лядовы палац акупуюць музыкі. Вядзецца не пра таварыскую хакейную сустрэчу «Рок супраць папсы» ці нешта іншае такога кшталту. Канцэрт, які мае адбыцца, прэтэндуе на званьне найбуйнейшае рок-акцыі апошніх гадоў. Доўжыцца ён будзе аж чатыры гадзіны і зьбярэ каля дваццаці гуртоў. Агульная магутнасьць апаратуры дасягне 30 кіляватаў — такім гукам можна зруйнаваць які-небудзь невялікі ДК.

Канцэрт году будзе складацца з трох частак. Мэта першай, паводле словаў Зьмітра Дайнэкі, што прадстаўляе фундатара акцыі, кампанію «БелПі», — патрэніраваць маладых беларускамоўных музыкаў. Каб упэўнена пачуваліся на прафэсійнай вялікай сцэне. Праз галасаваньне на сайце «Тузін гітоў» (www. music.fromby.net) былі абраныя сем групаў, што возьмуць удзел у канцэрце, — «БН», «Гарацкія», «Partyzone», «Znich», «Куклы», «Сьцяна», «Тэзаўрус». Шляхам глядацкага галасаваньня падчас фэсту (анкеты будуць раздаваць на ўваходзе) вызначаць тры найлепшыя зь іх. За першае месца арганізатары абяцаюць маладому гурту бясплатны запіс альбому, за другое — прафэсійна зьняты кліп, за трэцяе — дарагі студыйны мікрафон.

Пасьля маладых на сцэне адыграюць госьці фэсту — прадстаўнікі розных стылёвых плыняў беларускай музыкі. Сярод іх фолькавы «Стары Ольса», блюзавы «P.L.A.N.», гардкоравы «Zet», падзабыты ўжо «Ћygimont VAZA».

Трэцяя частка канцэрту — выступ генэралаў, легендаў айчыннай рок-музыкі. Кожны гурт рыхтуе сюрпрыз. Так, «Нэйра Дзюбель» прэзэнтуе нарэшце цалкам беларускамоўную праграму «Тanki». Кулінковіч таксама пераклаў на беларускую мову гіт «Belarus uber alles». Будзе «Крама» з новай праграмай «Бывай, мая Радзіма».

Вернецца на сцэну Кася Камоцкая, каб прасьпяваць старыя гіты «Новага Неба». Толькі вось выступаць яна будзе хутчэй за ўсё сольна.

Для «Ўлісу» гэты канцэрт будзе разьвітаньнем з бубначом Аляксандрам «Гансам» Быкавым, што працаваў у гурце 10 гадоў. Ганс мяркуе засяродзіцца на «Крамбамбулі». Слава Корань не выключае, што да гурту далучыцца клявішнік ці ды-джэй — «Уліс» выпраўляецца ў чарговую вандроўку, на пошукі новага гучаньня. «NRM» гэтым канцэртам скончыць беларуска-польска-расейскае турнэ. Упершыню ў гэтым годзе можна будзе пабачыць «Крыві», якіх таксама залічылі да генэралаў.

Шкада, што ня спраўдзіліся надзеі хоць на чатыры гадзіны адрадзіць легенды 80—90-х: «Бонду», «Мясцовы час» ды «Мрою». Арганізатар канцэрту Віталь Супрановіч кажа, што самі ўдзельнікі тых гуртоў ня надта зацікаўленыя ў паўставаньні з попелу перабудовы. Вакаліст «МЧ» Алесь Кузьмін за мяжой, Вольскаму няма калі, а Варашкевіч задумаў паралельна з «Крамай» праект «Цмок і малое» — навошта згадваць старое... Тым ня менш на дыску «Генэралы айчыннага року», які прэзэнтуюць на аднайменным канцэрце, песьні легендарнае тройцы будуць. У складанку ўвойдуць таксама вядомыя і новыя творы «таварышаў генэралаў» і малодшых чыноў.

Дыск у падарунак атрымае той, хто набудзе квіток за 20 тысячаў. Найтаньнейшыя квіткі ў бакавыя сэктары залі каштуюць 8 тыс., танцпол — 10 тыс.

Канцэрт у Лядовым, што на вул. Прытыцкага, 27 (ст.м.«Пушкінская»), — гэта пробны шар. Калі ён пройдзе пасьпяхова, калі зьбярэ тры тысячы прыхільнікаў, — зробіцца рэгулярным. Гэткім «Басовішчам» і «Рок-каранацыяй» у адным фляконе. Вытрасайце гаманцы, фанаты: наш рок варты такога фэсту.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0