Супрацоўнікі чытальнай залі й абанэмэнтнага аддзелу цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі Слуцку задаліся мэтай вызначыць дзясятку аўтараў, творы якіх у мінулым годзе карысталіся найбольшым попытам у чытачоў, якіх сюды наведваецца штодня не адна сотня. І былі зьдзіўлены і шакаваны вынікамі падведзенага рахунку.

На першае і другое месцы паводле попыту выйшлі сучасныя «модныя» расейскія пісьменьніцы Дар’я Данцова і Паліна Дашкава, якія працуюць у жанры іранічнага дэтэктыву. Іх раманы «Басэйн з кракадзіламі», «Несакрэтныя матэрыялы, альбо Забойцы і маньякі», «Лёгкія крокі бяздумства», «Маньякі-забойцы» зачытваюцца, як кажуць, да дзірак. Хоць і выдаюцца з так званай камэрцыйнай паліцы за плату — 500 рублёў на тры дні. За Данцовай і Дашкавай па чытабэльнасьці «крочаць» аўтары фантастычных і любоўных раманаў з старонкамі эротыкі і сэксу — Нік Пярумаў, Даніэла Стыл, Бэатрыс Смол, Сыдні Шэлдан і іншыя. Затое ў гэтым сьпісе (і блізка каля яго) ня значыцца ніводнага твору вядомых пісьменьнікаў-клясыкаў, ня кажучы ўжо пра паэтаў. На іх «кідаюць» вока хіба што вучні старшых клясаў — па вучэбнай праграме.

Два гады таму адміністрацыя бібліятэкі перастала выпісваць на абанэмэнцкі аддзел часопісы «Полымя» і «Маладосць» (у чытальную залю яны паступаюць па-ранейшаму) з той прычыны, што на іх зьвярталі ўвагу толькі... два чалавекі: мясцовы журналіст і адзін пэнсіянэр. На прапановы супрацоўнікаў аддзелу пазнаёміцца зь сьвежымі нумарамі гэтых часопісаў ня толькі маладыя, а і сталыя людзі, сярод якіх нямала настаўнікаў, грэбліва махалі рукой, маўляў, адчапіцеся.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0