«Павінны быць прадстаўлены і вэтэраны, і моладзь, і жанчыны — ня менш за 30—40%. Я буду падтрымліваць тэндэнцыю на большую прысутнасьць жанчынаў», — даў устаноўку на склад новага парлямэнту Аляксандар Лукашэнка. «Трэба быць прыгожымі і здаровымі людзьмі, — казаў ён, — і такімі нас можа зрабіць толькі спорт, тым больш што гэты год — год летніх Алімпійскіх гульняў».Па сваіх ідэях сёлетняе пасланьне ня надта розьнілася ад мінулагодніх. Аднак зьмянілася танальнасьць. На гэты раз Лукашэнка быў стрыманым у ацэнках, пільней сачыў за сваёй мовай, ахвотна цытаваў па-беларуску і скіроўваў «мэсыдж» да больш адукаваных слаёў электарату, чым у мінулыя гады.

Замежнапалітычную частку выступу распачыналі адносіны з Эўразьвязам, а не канфлікты з Расеяй. Краіны «Злучаных Штатаў Эўропы», як ён выказаўся, Лукашэнка ці то паўшчуваў, ці то пахваліў за скаардынаваную замежную палітыку. Асноўным дасягненьнем Беларусі ён назваў зьніжэньне залежнасьці ад экспарту ў Расею. Прычым, як раней ён не абыходзіўся безь перабольшваньня вынікаў інтэграцыі, цяпер ён быў шчодрым у апісаньні посьпехаў дэзінтэграцыі. Ён прыпісаў свайму кіраваньню заслугу зьніжэньня расейскае долі ў беларускім экспарце з 85% да паловы. Між тым, на самай справе доля экспарту ў Расею ніколі й не падымалася вышэй за 60%.

Маскве ён параіў «не глядзець на Беларусь праз прыцэл газавай трубы». Дывэрсыфікацыю крыніцаў энэрганосьбітаў назваў прыярытэтнай задачай ураду. Рэфэрэндум аб Канстытуцыйным акце быў названы непатрэбным, а адзіны рубель — магчымым толькі ў якасьці «вянца» ў даўгабудзе супольнай дзяржавы.

Лукашэнка зноў выказаў нэгатыўнае стаўленьне да NATO. Беларускае войска, заявіў ён, павінна быць у стане нанесьці непрымальныя страты любому патэнцыйнаму агрэсару.

Пра замежную палітыку ў пасланьні гаварылася няшмат. Куды больш часу было аддадзена спорту. Краіна дазналася, з чаго пачынаюцца даклады міністра замежных справаў прэзыдэнту: з тэнісу. «Трэба быць прыгожымі і здаровымі людзьмі, і такімі нас можа зрабіць толькі спорт, тым больш што гэты год — год летніх Алімпійскіх гульняў», — агітаваў прэзыдэнт. І няўклюдна апраўдваўся за незразуметыя насельніцтвам лядовыя палацы: «Яны цалкам акупаюцца». Міністар унутраных справаў і старшыня хакейнай фэдэрацыі па пакліканьні Навумаў пры кожным упамінаньні пра палацы ўскокваў зь месца і ўставаў навыцяжку.

У мэтах павышэньня культуры і ўмацаваньня дысцыпліны прэзыдэнт даў канкрэтныя ўказаньні ўладам на месцах аб тым, якімі мэтадамі трэба змагацца з самагоншчыкамі і выпівохамі, зганіў практыку дакладаў прэзыдэнту пра колькасьць сканфіскаваных самагонных апаратаў, загадаў зьнізіць заробкі на нафтаправодзе «Дружба» і вызначыў прыкладны кошт пабудовы вясковых дамоў: 15—18 тысяч, яўна не ў нацыянальнай валюце. «Ідзеце ад жыцьця!» — паўтараў ён.

Ён паабяцаў давесьці сярэдні заробак да 190—200 даляраў пад канец гэтага году. А інфляцыя якая? «Можа быць, 13%. Госпад казаў: трынаццаць — самая харошая лічба. Вось да яе і трэба імкнуцца».

Культура і чысьціня — вось што патрэбна Беларусі, працягваў Лукашэнка: «акуратнасьць, дакладнасьць і дзелавітасьць» — гэта якраз якасьці «і беларускага народу». Такім чынам, маем новы арыенцір — Нямеччыну. Пабудова грамадзянскае супольнасьці зьверху: кожны кіраўнік мусіць браць сабе грамадзкую нагрузку. «Вось як я», — у Алімпійскім камітэце.

Міністарка аховы здароўя Пастаялка слухала пасланьне на пачэсным месцы ў першым радзе, поплеч з кіраўніком прафсаюзаў Козікам, пакінуўшы далёка ззаду сілавых міністраў.

Дэмакратызацыя і парлямэнцкія выбары? І тут нічога новага. Лукашэнка паабяцаў не чыніць перашкодаў апазыцыі, забясьпечыць доступ да СМІ, не задзейнічаць адміністрацыйнага рэсурсу. І тут жа адмовіўся ўносіць зьмены ў Выбарчы кодэкс, якіх патрабуюць партыі і замежжа. На думку Лукашэнкі, у новай палаце «павінны быць прадстаўлены і вэтэраны, і моладзь, і жанчыны — ня менш за 30—40%. Я буду падтрымліваць тэндэнцыю на большую прысутнасьць жанчынаў». Цікава, як мясцовыя ўлады, да якіх ён зьвяртаўся, могуць выканаць такое патрабаваньне, не парушаючы закону і ня чынячы перашкодаў іншым кандыдатам.

Свая квота паабяцаная і «адказнай апазыцыі». Лукашэнка прызнаўся, што будзе вітаць абраньне Абрамавай і Канаплёва. З Парфяновічам — «пагаджуся», дадаў ён пасьля паўзы.

У часе выступу Лукашэнка ня раз папраўляў непаслухмяны левы вус і па-сталінску закладаў руку за борт пінжака.

Кіраўнік дзяржавы не абыходзіў выклікаў сёньняшняга дня — ад дывэрсыфікацыі энэргапаставак да масавай эміграцыі маладых навукоўцаў, але не прапанаваў новых адказаў на іх. Краіне па-ранейшаму прапануецца карпаратыўны аўтарытарызм мусалініеўскага ўзору з культам усюдыіснага правадыра, адзінай ідэалёгіяй, дэкаратыўна-квотнай дэмакратыяй і моцным умяшаньнем дзяржавы ў кожную сфэру жыцьця.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0