«Сны праўдзяць», — упэўнена гавораць старыя людзі менавіта пра такія сны, бо на схіле веку адгадкі ўжо засьпелі іх: кожнага свае і кожнага — зьнянацку.

Маім дзядам Мацею і Івану ахвярую

Сны, як і дні, бываюць розныя: сьветлыя, змрочныя, нішчымныя, радасныя ці бязвольныя. Усе яны — незьлічоныя сьпіцы дзівоснага кола, званага Доляй. Куды мчыць (бяжыць, ледзьве коціцца) тое кола, дзе спыніцца і які сон будзе апошні — багам вядома. Як і дні, усе сны памяцьцю не занатоўваюцца і не захоўваюцца. Некаторыя, што прыходзяць начным жахам-сполахам, уяўным дотыкам непапраўнай бядоты-роспачы, прагнеш сьцерці і забыцца назаўжды, як і на тыя дні, што былі адзначаныя ліпкім жывёльным страхам ці пякельным сорамам за нешта вычварна вырабленае. Бываюць сны-залацінкі, калі душа на сваім начным шпацыры спатыкае нешта шчымліва-радаснае, а назаўтра раніцай жонка гаворыць, што ты ў сьне сьмяяўся, «як малое дзіця», — шчыра й няўрымсьліва, так, як у жыцьці ўжо даўно не сьмяешся. Гэтыя сны такія ж рэдкія, як і праўдзівыя залацінкі ў беларускіх геалягічных пародах. Таму ашчадна зьбіраеш іх, беражліва носіш з сабою...

Сны-будзённасьць памяць засыпае жвірам забыцьця ўжо праз гадзіну па абуджэньні. Аўтаматызаваная самаахова мае сваю лёгіку: будзённасьці зь лішкам хапае й на яве. Але ёсьць асаблівыя сны... Прачнуўшыся, доўга ляжыш у невытлумачальным здранцьвеньні, раптоўным трывожным одуме, што аніяк не характэрны для гэткае раньняе часіны, а то і ночы. Сон ва ўсіх сваіх драбніцах перасьледуе цябе і ўдзень, застрэміўшы сьвядомасьць нечаканай загадкай. Спрабуеш яе адгадаць, зацята напружваючы ўвеcь свой інтэлектуальны досьвед і хілыя парасткі інтуіцыі, бо ўсім нутром адчуваеш, наколькі значнай для цябе асабіста будзе адгадка. Гэта сны-знакі, сны, якія даюцца ў знакі, ведама ж, не суседзямі ці калегамі па працы. «Сны праўдзяць», — упэўнена гавораць старыя людзі менавіта пра такія сны, бо на схіле веку адгадкі ўжо засьпелі іх: кожнага свае і кожнага — зьнянацку.

Ула. Рака. Я прысьніў яе напярэдадні Дзядоў. Быў пагодны залаты дзень і, праўдзіва, жнівеньскі, бо сонца, заліваючы сваім сьвятлом увесь абшар, было не падманлівым у дабротах, як у траўні-чэрвені, не задушліва-пякучым, як у ліпені, а ўжо стамлёным і ласкавым, сьпелым, што яблык пасьля Спасу, надзейным і мудрым, што стары дзед, які адной толькі прыязнай усьмешкай можа дарыць цеплыню.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Уладзімер Лобач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0