ІІ Усебеларускі сход інтэлігенцыі мае адбыцца 25 красавіка. Арганізатары чакаюць, што кожную вобласьць будуць прадстаўляць 50 дэлегатаў.

Мэтаў сходу некалькі — падрыхтоўка да юрыдычнай рэгістрацыі, абмеркаваньне моўнай праблемы і будучых парлямэнцкіх выбараў. «Наш сход ня мае палітычнага характару, але абмеркаваньне стаўленьня інтэлігенцыі да палітыкі адбудзецца абавязкова. Інтэлігенцыя не павінна быць апалітычнай, інакш яе будуць выкарыстоўваць у сваіх мэтах іншыя», — перакананы мастак Аляксей Марачкін. Сярод іншых праблем на сходзе абмяркуюць нядаўна прынятыя папраўкі ў «Закон аб культуры». На думку мастака, новая рэдакцыя закону ўводзіць дзяржаўную цэнзуру.

Напярэдадні Ўсебеларускага сходу, 22 красавіка а 17-й, у бібліятэцы Дому літаратара адбудзецца сход менскай інтэлігенцыі. А вось месца правядзеньня агульнага сходу 25 красавіка арганізатары пакуль не паведамляюць: баяцца, што ўлады пачнуць перашкаджаць.

Папярэдне абмяркоўваецца і дата трэцяга сходу — канец году. На ім пойдзе гаворка пра прэзыдэнцкія выбары. Марачкін перасьцерагае ад пасьпешлівых высноваў: «Ня трэба думаць, што мы робім сход пад кандыдатуру пэўнай асобы. Мы проста пастараемся вызначыць месца інтэлігенцыі на тых выбарах».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0