Ёсьць даволі пашыраны псыхалягічны тып. Людзі пэўнага кшталту нізавошта не павераць у тое, што нехта зь іхных сваякоў, аднакашнікаў ці суседзяў дасягнуў посьпеху. Вядомы клясычны прыклад. Адна жанчына, якой сказалі, што яе даўні знаёмы, літаратар Н., атрымаў Нобэлеўскую прэмію, усклікнула: «Хто? Гэты ёлупень, гэты небарака, гэты абібок?! Кіньце, не сьмяшыце мяне!»

Падобны сындром, на жаль, пашыраны ня толькі сярод людзей, ён уласьцівы й грамадзкім супольнасьцям. Беларусы, напрыклад, гатовыя ганарыцца Давыдам Гарадзенскім, вялікім князем Вітаўтам, Лявом Сапегам — адным словам, героямі мінулага, пра якіх яны амаль нічога ня ведаюць. Яны могуць ганарыцца таксама сучасьнікамі Мірным або Ваўчковым. Таму што тыя займаюцца справай, якая далёка ня кожнаму па плячы ды й па кішэні, — тэнісам. Калі ж размова заходзіць пра сучасных палітыкаў…

Вядома, ёсьць некалькі рэчаў, у якіх разьбіраецца кожны, — гэта футбол, мэдыцына й палітыка. Але беларуская палітыка — гэта такая спэцыфічная рэч, у якой мала хто разьбіраецца нават сярод прафэсіяналаў, ды амаль ніхто й ня хоча разьбірацца. Найперш праз тое, што, дзяржаўныя СМІ стварылі адпаведны вобраз палітыкаў, якія ўвесь час блытаюцца пад нагамі ва ўладаў (чытай — у Лукашэнкі, які заўсёды, натуральна, па-над палітыкаю), пэрыядычна выступаюць зь нейкімі забаўнымі й незразумелымі заявамі ў варожых Беларусі СМІ — напрыклад расейскіх. Пры гэтым жывуць яны на нейкія чужыя гранты, езьдзяць па Эўропах, а ў вольны час прымусова вучаць сваіх і чужых дзяцей нейкай старарэжымнай беларускай мове.

Гэта, зразумела, карыкатура, якую спрабуюць навязаць грамадзтву ў якасьці стэрэатыпу. Дарэчы, навязваньне адбываецца досыць пасьпяхова, бо чым больш прымітыўны вобраз, тым лягчэй ён запамінаецца. Гэта як вобраз беларускага паліцая зь бел-чырвона-белай стужкай на рукаве ці вобраз габрэя з крывым носам і такім самым крывым дулам пісталета, зь якога можна цаляць у мірных грамадзянаў з завугольля. (Паміж іншым, часам самая буйная фантазія ці кашмар прапагандыста-карыкатурыста ажыцьцяўляецца. Нядаўна ў прэсе зьявіліся паведамленьні пра тое, што ізраільскія інжынэры сканструявалі адмысловы прыцэл да аўтамата, які дазваляе, дзякуючы дзівосам оптыкі, страляць з-за рогу).

Не нашмат больш складаныя стэрэатыпы выпрацаваны за апошнія дзесяць гадоў на старонках недзяржаўных выданьняў. Памятаеце такую дзіцячую гульню ў савецкай школе: птушка — курыца, паэт — Пушкін, рака — Волга. Так і сёньня. Апазыцыя — слабая. Дзяржава — моцная. Альтэрнатывы — няма.

Часам зьяўляюцца новыя штампы, якія выглядаюць, зрэшты, ня меней зацёртымі, чымся старыя. Напрыклад, назву кааліцыі «Пяць-плюс» параўноўваюць са сродкам ад тараканаў. Гаворка тут не пра саму назву і не пра вартасьці або недахопы Народнай кааліцыі. Размова ідзе аб прынцыпе: дастаткова начапіць ярлык на апанэнта — і ты на кані ды яшчэ ў капелюшы, а твой праціўнік кешкаецца недзе там, у брудзе.

Дарэчы, традыцыю наклейваньня ярлыкоў на дэмакратычных палітыкаў у дэмакратычным жа друку закладваў (ці пазычыў яе ў расейскіх журналістаў) вядомы публіцыст Аляксандар Фядута, які назваў Вінцука Вячорку «хлопчыкам са старэчым тварам». Што з таго, што бульварна-прагрэсіўныя «Навінкі» потым зьдзекаваліся зь Філа Дутага. Ёсьць такая расейская прымаўка, прыдуманая нібыта адмыслова для журналістаў адмысловай пароды: «Брань на вороту не виснет».

Дык выходзіць — што нашаму брату-журналісту здорава, тое палітыку сьмерць? Тут вось якая рэч. Палітык, пакуль ён карыстаецца толькі друкаваным словам, а значыць, выступае ў ролі партыйнага публіцыста, заўсёды журналісту прайграе. Бо адсутнасьць прынцыпаў у журналіста (пэўнага кшталту) часам дапамагае выплыць. Некалі Генры Форд казаў: «Сумленны журналіст прадаецца толькі аднойчы». З таго часу сумленнасьці ў журналісцкай прафэсіі наўрад ці пабольшала.

Адсутнасьць жа прынцыпаў у палітыка выклікае пытаньні, у тым ліку ў журналістаў. Прынамсі, такія: а на чыім баку ён гуляе, ці не выпадкова патрапіў у стан апазыцыі, і, калі абставіны зьменяцца, ці не пачне ён гуляць супраць сваіх сёньняшніх паплечнікаў?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0