— Глядзі, нікому не прагаварыся, што мы пойдзем па справах, — папярэдзіў бацька сына. — А то нячысьцікі пойдуць за намі і як-небудзь, ды нашкодзяць. Многія ведзьмакі нядобра глядзяць на тых, хто займаецца гандлем.

Заменга Батукезанга, «Успаміны аб вёсцы». Літаратурны альманах «Афрыка», выпуск №7.

Астралягічны цэнтар праводзіць сэансы яснабачаньня, зьняцьця псоты, аднаўленьня ўзаемаадносін у сям’і, посьпеху ў бізнэсе.

Газэта «Из рук в руки», Менск, 27 сакавіка 2004 г.

Калісьці ў школе на занятках гісторыі нам распавядалі, нібыта прычынаю веры ў нячысьцікаў і ведзьмакоў зьяўлялася безабароннасьць старажытнага чалавека перад навакольным сьветам.

У наш час, на жаль, забабоны не зьнікаюць. Наадварот, зьяўляюцца новыя. Больш за тое, на кожным слупе ці нават у СМІ нескладана знайсьці абвестку: «Варажу на картах. Здымаю псоту. Нядорага». І справа тут ня столькі ў вялікай колькасьці падобных аб’яў, колькі ў наяўнасьці попыту на такія паслугі.

У канцы 80-х усе баяліся радыяцыі.Тут жа знайшлася Хадора з-пад Бялыніч. Малапісьменная, але прадпрымальная бабка тлуміла галовы ня горай за Кашпіроўскага, прапаноўваючы лячыцца ад радыяцыі глінаю зь ейнага калодзежа. Мінуўся час. З радыяцыяй усе звыкліся. А словазлучэньне «Хадора Бялыніцкая» ператварылася ў крылаты выраз, які азначае тое самае, што й «пута калгасная».

Дарэмна сацыялягічныя апытаньні пераконваюць у стабільнасьці ды ўпэўненасьці беларусаў у заўтрашнім дні. Небеспадстаўны страх перад навакольным сьветам моцна сядзіць у нашай сьвядомасьці.Чым болей жыцьцё чалавека залежыць ад знадворных абставін, а не ад яго асабіста, тым болей прымхлівасьці. Хочаш даведацца, чаго баіцца наш сучасьнік-суайчыньнік, — прыгледзься ўважліва да існых забабонаў — старых і тых, што толькі ўзьніклі.

Што да прыкмет накшталт «Марозная зіма — сьпякотнае лета», цяпер мала хто адважыцца сказаць такое ў кампаніі заўзятых дачнікаў. Перамяшалася ўсё ў прыродзе.

Магічныя спосабы ратунку ад навальнічнай небясьпекі цікавыя толькі старым з далёкіх вёсак.

У асноўным людзі жахаюцца няшчасьцяў, прадухіліць якія ня маюць магчымасьцяў, а грамнічнаю сьвечкай ад такога не ўратуешся. Самыя пашыраныя, вядомыя кожнаму прымхі датычаць хваробаў, часьцей невылечных, небяспечных здарэньняў у дарозе, нараджэньня хворых дзяцей, вядзьмачых чараў, матэрыяльнага дабрабыту, на вёсцы — здароўя быдла.

Каб грошы вяліся

Парадаў наконт гэтага багата. Спадабаецца камусьці тваё працоўнае месца або ў аўтобусе абрабуюць — паверыш у што хочаш. Кожны ведае: нельга на стол пустую пляшку ставіць, сьвістаць у кватэры, насупроць ночы пакідаць нож на стале і выносіць сьмецьце, у вялікія сьвяты ды нядзелі пазычаць грошы людзям, гэтаксама як і пазычаць у людзей. Камечыць грошы, абыходзіцца з грашовымі знакамі неахайна забараняецца: пакрыўдзяцца.

Трэба роўненька складаць грошыкі, захоўваць паперкі ад пачкаў з грашыма. Каб гандаль быў удалы, грошы, атрыманыя ад першага продажу, па магчымасьці захоўваць да заканчэньня гандлёвага дня, а не распускаць на рэшту.

Дабрабыт — зьява ненадзейная, калі ня маеш заступнікаў пры пасадзе ці багатай спадчыны.

Няблізкі сьвет

Словазлучэньне «сабраўся ў дарогу» само празь сябе тоіць небясьпеку.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Тацяна Барысік, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0