Хацелася ў колькіх словах працягнуць тэму легіянэрства ў нашым унутраным чэмпіянаце па футболе, узьнятую Алегам Ждановічам у «НН» ад 9 красавіка.

Напярэдадні сёлетняга сэзону па футболе не паленаваўся ды палічыў колькасьць «варагаў» на нашых палях. Выйшаў 71 чалавек. Гэткай колькасьці гульцоў хапіла б на 3-4 каманды. Сярод нашых легіянэраў, паводле маіх падлікаў, аказаліся 33 расейцы, 22 украінцы, пяцёра грузінаў, трое малдаванаў, двое баўгараў, адзін чэх, альбанец, бразылец, узбэк, латыш і армянін. Між іншым, яшчэ маем чатырох расейцаў — галоўных трэнэраў каманд: Сяргея Падпалага, Пятра Шубіна, Армена Адамяна, Віктара Вярчова, якія працуюць адпаведна на «Гомель», менскае «Дынама», «Дарыду» і «МТЗ-РІПА». Берасьцейскае «Дынама» трэніруе латыш Віктар Несьцярэнка.

Можна пагадзіцца, што сытуацыя зь легіянэрамі ў нас яшчэ не такая катастрафічная, як у Туманным Альбіёне (часам у асноўным складзе «Глазга» не выходзіць ніводзін шатляндзец), аднак пэўныя небясьпечныя тэндэнцыі назіраюцца і на айчынных футбольных палёх. Надзвычай актыўна «ўсходнюю палітыку» набыцьця гульцоў з Расеі і Ўкраіны сёлетняй зімой вялі «Гомель», «Дняпро-Трансмаш», «Нёман», «Дарыда», «МТЗ-РІПА». Гэткая стаўка на «прывазны тавар» спарадзіла невялікую дыскусію аб увядзеньні ліміту на легіянэраў, як гэта зроблена, напрыклад, у Казахстане. Кожны казахскі клюб мае права мець толькі пяць легіянэраў. Ці ня гэтае абмежаваньне спрычынілася да хуткага тэмпу разьвіцьця казахскага футболу? Цяперашнія клюбы з гэтай краіны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах пад эгідай УЭФА.

Не бяды было б, каб да нас ехалі высокатэхнічныя гульцы, — беларусы гэтаксама масава зьяжджаюць на працу ў тыя самыя Расею ці Ўкраіну. Аднак выходзіць так, што замест найлепшага снайпэра леташняга чэмпіянату Сяргея Карніленкі, які зьехаў гуляць у кіеўскае «Дынама», мы атрымалі тузін іхніх паўпрафэсіяналаў, якія саступаюць узроўню нават нашых футбалістаў. Чаму так адбываецца? Адказ вельмі просты: купіць якогась другараднага расейца значна таньней, чым выхаваць уласную зорачку накшталт Бялькевіча ці Глеба. Дзіцячая футбольная індустрыя належным чынам пастаўлена толькі ў трох—пяці клюбах, астатнія й надалей будуць рабіць стаўкі на «варагаў».

Адзінай беларускай камандай, у шэрагі якой ня ўплішчыўся ніводзін легіянэр, сёлета сталася БАТЭ, флягман нашага чэмпіянату, які за шэсьць гадоў жыцьця ў вышэйшай лізе аніразу не застаўся без мэдалёў. Яскравы прыклад таго, што прызавы мэтал можна каваць выключна сваімі кадрамі.

Магчыма, некаму падасца, што я выступаю супраць усякіх легіянэраў увогуле. Не, ні ў якім разе. Такія гульцы, як расейцы Карсакаў і Навумаў, бразылец Эду ці баўгарын Злацінаў, толькі дадаюць непаўторнага калярыту нашаму першынству. Шкада, што гэткіх прыкладаў набралося ня так і шмат.

Сяргей Панкавец, Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0