Пішу ў сувязі з публікацыяй у апошнім нумары «НН» адносна гатэлю «Эўропа». Увагу прыцягнуў камэнтар сп.Уладзімера Дзянісава адносна тунэлю пад вуліцай Леніна. Дзеля інфармацыі хачу сказаць, што такі тунэль існуе насамрэч.

У 1978 годзе я працаваў у аб’яднаньні «Летапіс» к/с «Беларусьфільм». Перад пачаткам будаўніцтва мэтро быў прабіты тунэль, які пачынаўся недзе ў раёне цяперашняй півярні «Старое рэчышча» на Першамайскай, а заканчваўся на Нямізе каля «Працоўных рэзэрваў». Па гэтым тунэлі павінна была пацячы Сьвіслач, калі мэтрабудаўнікі адкрытым спосабам зьбіраліся праходзіць яе каля парку Горкага. Мы тады здымалі так званы «архіўны матэрыял», апэратарам быў, калі не памыляюся, Анатоль Алай. Пазьней ад «паслуг» тунэлю адмовіліся. Тунэль той вялікага дыямэтру, прынамсі гарадзкі аўтобус мусіць прайсьці. Я асабіста разам са здымачнай групай спускаўся ў той тунэль у шахту, якая знаходзілася на рагу Леніна і Кірава, ля будынку суду. Кінастужка павінна зьберагацца ў архівах «Беларусьфільму». Так што калі тунэль той пашырыць, прапанова сп.Дзянісава робіцца цалкам рэальнай.

Дзьмітры Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0