Да трыццатай гадавіны «рэвалюцыі гвазьдзікоў» у Партугаліі.

Дэмакратыя і імпэрыя несумяшчальныя.

Салязар

Сярэдні беларус ведае пра Партугалію пераважна са спартовых навін. Між тым, лёсы Беларусі й Партугаліі маюць пэўнае падабенства. Абедзьвюм гэтым краінам, амаль роўным паводле насельніцтва і тэрыторыі, давялося доўгі час існаваць у цені «старэйшага брата» (Расеі і Гішпаніі адпаведна), доўга знаходзіцца па-за эўрапейскай супольнасьцю праз аўтарытарныя рэжымы (спадзяёмся, «наш» праіснуе менш за партугальскі). Дый наагул, гістарычныя шляхі Партугаліі й Беларусі дужа цікавыя самі сабой.

Своеасаблівасьць гістарычнага лёсу Партугаліі, мабыць, найлепш адлюстроўвае прымаўка «Партугалія з Эўропы — апошняя, а з Атлянтыкі — першая». Заціснутым з кантынэнту вялікім суседам, партугальцам заставаўся адзін шлях — праз мора.

Менавіта партугальскімі падарожнікамі была распачатая эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Тры самыя славутыя маракі сьвету — Калюмб, Магелян і Васка да Гама. Два апошнія — партугальцы. Дый Калюмб напачатку прапаноўваў паслугі каралю Партугаліі і карыстаўся партугальскімі мапамі. Партугальскія паходы адкрываюць для Эўропы загадкавы Ўсход, таямнічую Афрыку, зусім невядомую раней Бразылію.

Па сёньня мы карыстаемся партугальскімі словамі для абазначэньня ўсходніх зьяваў: «касты», «пагада», «бонза». Каралі Партугаліі ўключалі ў свае тытулы Гвінэю, Эфіёпію, Арабію, Пэрсію, Індыю. І гэта быў далёка ня поўны пералік земляў, якіх дасягнулі партугальцы.

Але гэты фантастычны ўзьлёт маленькай краіны быў трагічна і гвалтоўна спынены. У 1578 г. малады партугальскі кароль Сэбасьцьян не вярнуўся з ваеннай экспэдыцыі ў Марока. Спадкаемцаў ён не пакінуў, і праз два гады каралеўства было анэксавана Мадрыдам. Партугальцы не зьмірыліся са стратай незалежнасьці. 1 снежня 1640 г. паўстаньне ў Лісабоне за адзін дзень паклала канец кастыльскаму панаваньню. Наўрад ці знойдзецца ў гісторыі прыклад больш хуткага — за 24 гадзіны — аднаўленьня незалежнасьці.

Аднак за час гішпанскага панаваньня Партугалія з сусьветнай імпэрыі зрабілася другараднай, адсталай эўрапейскай дзяржавай. Такая мэтамарфоза спарадзіла ў партугальцаў своеасаблівы сьветапогляд — сэбасьцьянізм, у аснове якога было ўяўленьне, што зьніклы кароль дон Сэбасьцьян вернецца і зноў зробіць Партугалію сусьветнай імпэрыяй. Сэбасьцьянізм уключаў культ мінуўшчыны, імпэрскую і мэсіянскую ідэю. Усё гэта знайшло ўвасабленьне ў рэжыме і асобе Салязара.

Антоніу Алявэйра ды Салязар нарадзіўся ў 1889 г. на поўначы краіны. Гэты вясковы хлопец меў неабыякія здольнасьці — з посьпехам скончыў Каімбру, адзін з самых старажытных унівэрсытэтаў Эўропы, — і немалыя амбіцыі. Яго марай было, як ён сам казаў, стаць першым міністрам абсалютнага манарха. Інакш кажучы, мець рэальную ўладу, застаючыся ў цені. І такая магчымасьць неўзабаве надарылася.

Генэралы, якія ўзялі ўладу ў выніку перавароту 1926 г., запрасілі яго навесьці парадак у фінансах. Гэтае даручэньне Салязар выканаў на «выдатна». Дэфіцыт бюджэту быў ліквідаваны без замежных пазык, у краіне разгарнулася будаўніцтва. Салязара пачалі называць выратавальнікам краіны і нават «найвыдатнейшым міністрам фінансаў усіх часоў». Яму ж гэтага было мала. Неўзабаве Салязар робіцца прэм’ер-міністрам. Пасьля чаго прымаецца канстытуцыя, якая абвяшчае Партугалію «Новай Дзяржавай». Што ж уяўляла сабой гэтая «Новая Дзяржава»? На думку яе стваральнікаў, яна павінна была выправіць памылкі дэмакратычных і таталітарных рэжымаў, якім аднолькава была ўласьцівая партыйнасьць. Таму адмаўляліся і шматпартыйнасьць, і прынцып партыі-дзяржавы. На думку Салязара, яны аднолькава садзейнічаюць уплыву масаў на палітыку, у той час як апошняя павінна быць манаполіяй эліты, стварыць якую «важней, чым навучыць усіх чытаць». Думка, як сьведчыць беларускі досьвед, вельмі слушная.

Элітарным дэклярацыям адпавядаў і фасад «Новай Дзяржавы». Доктар Салязар быў з выгляду зусім не падобны да клясычнага дыктатара. Ён заўсёды насіў цывільны строй, амаль не выступаў з прамовамі і ўвогуле не любіў зьяўляцца перад грамадой. У Партугаліі не было пакараньня сьмерцю, выходзілі апазыцыйныя выданьні (што пры непісьменнасьці большасьці мясцовага люду і моцнай цэнзуры не ўяўляла пагрозы). І тым ня менш, гэта была сапраўдная дыктатура. Нават набліжаныя да Салязара людзі адчувалі ў яго прысутнасьці жах. Тыя ж, хто выступаў супраць, папросту зьнікалі ў сутарэньнях тайнай паліцыі — ПІДЭ, у трапічных канцлягерах, дзе зьняволеных хутка зводзіла на той сьвет трасца.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Усяслаў Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0