Успаміны пра Васю Шугалея

Мне ня хочацца зараз пачынаць гаворку са сьмерці. Мне хочацца пачаць яе з жыцьця. Магчыма, зь яго найлепшай пары. Калі згадваю падзеі таго часу, здаецца, яны зацягнуты смугой. Сіняй-сіняй... Уяўляю, як па-ідыёцку рамантычна гэта гучыць: я даўно выйшла з рамантычнага ўзросту.

Неяк увесну 90-га над маім вухам пачуўся лёгкі выбух:

— Во! Глядзі! То ж нашы!!!

Голас быццам знаёмы. Мы з маім спадарожнікам машынальна паварочваем галовы.

Перад намі стаіць уласнай пэрсонай Вася Шугалей. Побач — ягоная сяброўка Юля. Пасярэдзіне — вузкая, брукаваная вуліца. Гэта вуліца Вільні.

Шугалей стаіць, усьміхаецца, прывітальна махае рукою. І мы таксама пачынаем махаць. Сюды, сюды! Мы якраз зьбіраемся вось у гэтую кавярню…

Цікава, што з Васілём і Юляй мы бачыліся дагэтуль усяго аднойчы — і, як мне падаецца, тады нават не размаўлялі. Мы размаўлялі з «Паганіні», хлопцам з Васевага гурту. Гэта было ў студзені 90-га году за кулісамі сцэны менскага Палацу чыгуначнікаў. Калі мне ня здраджвае мая памяць (а калі здраджвае, няхай мяне паправіць нехта менш бяспамятны), менавіта там праходзіў адзін з тураў рок-фэсту «Тры колеры».

Не запомніць Шугалея пасьля гэтага фэсту было б вельмі дзіўна, абсалютна немагчыма. І прыемна зьдзівіла, што ён запомніў нас.

— Вы тыя самыя журналюгі, што не паехалі на вакацыі, а цягаліся па рок-фэстах! — канстатаваў ён.

— Не-а! Што ты! Гэта зусім ня мы!.. Хочаце кавы?

Сяргей Будкін напісаў у «НН», што шугалееўскі панк-гурт «Ы-Ы-Ы» стаўся адкрыцьцём рок-фэстывалю «Тры колеры» — поруч з «Мрояй» і «Бондай». Вядома, гэта не зусім так. Мякка кажучы. Бо гэта проста ня так, ня так абсалютна!

На той момант легендарная «Мроя» даўно не была ніякім «адкрыцьцём». Мы цяпер гаворым пра пэрыяд «Аўстралійскай полькі», а не брутальнага стод-року й Лявонавай фрызуры з коскай на лобе. Пытаньне, ці быў на той час гурт зоркай, падаецца рытарычным. Усе, хто хацеў, даўно «Мрою» для сябе адкрылі.

Што ж да «Бонды» («старой добрай «Бонды», як яе часьцей называлі тады аглядальнікі)… Рэч у тым, што «Бонды» на час правядзеньня «Трох колераў» ужо папросту не існавала ў прыродзе. Гурт распаўся недзе за год да гэтай падзеі. Першы менскі канцэрт «Улісу» — аднаго з гуртоў, што ўтварыўся на аснове бондаўскіх кадраў, — адбыўся ў сакавіку 1989-га. Гэта за 10 месяцаў да фэсту «Тры колеры». Новы гурт выступаў у ДК… халера яго згадае назву. На Фабрыцыюса.

Так што поруч з «Бондай» ды «Мрояй» шугалееўскі панкавы калектыў стаяць ня мог — «яшчэ ці ўжо».

Але адкрыцьцём «Трох колераў» — стаў!

Ды яшчэ якім…

...Я ніколі ня ведала даты літоўскага сьвята Казюкас. І штогод трапляла ў Вільню менавіта ў гэты дзень. Так было й тады. Мы хацелі проста выпіць кавы, а на самай справе пайшлі адзначаць суседзкае сьвята. Нагадаў пра Казюкас Шугалей.

Удваіх з маім хлопцам мы бадзяліся па Вільні ціха, сьціпла й неяк дужа інтэлігентна. Учацьвярых з Васілём і Юляй мы ўваліліся ў найбліжэйшую кавярню неяк гучна ды весела. Цяпер мне здаецца — амаль як Васілёў гурт з эпатажнай назвай выходзіў на сцэну. Праўда, тут на нас мала хто зьвяртаў увагу. Ну й дзякуй богу!

Мы не пілі гарэлкі ў гонар Казюкаса. Тады мы ня мелі амаль ніякіх благіх звычак. Да таго ж, не асабліва мелі грошы на благія звычкі. І што самае каштоўнае: грошы тыя нам былі непатрэбныя ў прынцыпе. Я маю на ўвазе грошы, а не капейкі, якія мы гэтак называлі ў тую шчасьлівую пару.

Мы пілі віленскую каву, елі віленскія чабурэкі, потым палілі віленскія цыгарэты… Мы дыхалі віленскім паветрам і былі шчасьлівыя гэтым. Памятаю, як распавядала Шугалею, што ўжо год прывожу ў родны інтэрнат газэты «Саюдысу»: потым інтэрнат чытае й дзівіцца, як гэта літоўцы наважыліся хацець незалежнасьці ад Саюзу. «Во чым ты забіваеш сабе галаву!» — з павагай сказаў Шугалей. І мы пайшлі здабываць тыя газэты ўсе разам.

…Васеў гурт сапраўды стаў адкрыцьцём тады, на пачатку 90-га. Здаецца, паводле глядацкіх сымпатый, ён нашмат апярэдзіў нікому не вядомы «Ляпис Трубецкой». «Міхалкі» (сяброўская «мянуха» сяброў гурту ў музычна-мастацкім асяродзьдзі моладзі) тады сьпявалі нейкую песеньку пра буфэтчыцу Асю. Яна павесяліла трохі, і на тым усё скончылася. Да пары. Бо ўжо на фэсьце сёй-той прадказваў «Ляпісам» вялікую будучыню.

«Ляпісы» выступалі недзе ўсярэдзіне аднаго з канцэртаў. Фэст цягнуўся некалькі дзён. І вось адзін з гэтых дзён скончыўся для часткі гледачоў неспадзявана — выхадам на сцэну Васі.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Тацяна Сьнітко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0