Усё мяняецца, і нават сакральныя сьвяты зь цягам часу губляюць свой сакральны сэнс. 7 лістапада, напрыклад, у суседняй Расеі робіцца Днём прымірэньня й згоды — невядома каго і з кім.

Дзень савецкага друку ўвогуле ўжо, здаецца, нідзе не адзначаецца (хоць традыцыі гэтага самага друку жывыя), як і дзень народзінаў Карла Маркса. 22 красавіка становіцца падставаю для апытаньня, падчас якога высьвятляецца, што каля трынаццаці адсоткаў посткамуністычнага грамадзтва ўжо й ня ведае, хто такі Ленін.

Праўда, бываюць і адваротныя кульбіты ў часе. Вось зусім сьвежы прыклад. Здавалася, зусім яшчэ нядаўна 3 ліпеня было абвешчана ў Беларусі Днём Рэспублікі. Але ж чытаем паведамленьні БелТА ці розных іншых агенцыяў пра Берасьцейскую крэпасьць (яшчэ адзін сакральны вобраз) і рэстаўрацыйныя работы, якія там ідуць… І што мы бачым? Аказваецца, сёлета 3 ліпеня будзе адзначацца дзяржаваю менавіта і ў першую чаргу як Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Г.зн. колішняму савецкаму сьвяту вернуты яго пачатковы сэнс? Думаецца, штатным прапагандыстам удасца ўсё ж неяк вырашыць гэты парадокс.

Куды больш складанай выглядае сытуацыя з 1 траўня. Дэманстрацыі працоўных, як і прафсаюзны рух, цяперашнім беларускім уладам недаспадобы. Лепей канцэрт-маёўка на чале са старшынём ФПБ спадаром Козікам пад акампанэмэнт сьпеваў Наташы Каралёвай. Між тым, 1 траўня цяпер яшчэ становіцца Днём пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу. З аднаго боку, кіраўнік дзяржавы ў сваім штогадовым пасланьні даў зразумець, што з усіх саюзаў менавіта гэты зьвяз цяпер самы блізкі беларускаму сэрцу. З другога боку, гала-канцэрт у Дзяржаўным цырку ў Менску з нагоды чужога сьвята падаўся беларускаму кіраўніцтву недарэчным.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0