Дажджыстае надвор’е, што пасьля працяглай сушы апанавала амаль усю тэрыторыю Беларусі, палепшыла стан зерневых, паведамляе БелТА.

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка Навукова‑практычнага цэнтру НАН Беларусі па земляробстве Канстанціна Шашко, наліў зерня сёлета ідзе нармальна. Гэтаму не ў апошнюю чаргу паспрыялі дажджы, што прайшлі амаль па ўсёй тэрыторыі краіны. Гэта датычыць і яравых, і азімых зерневых культураў.

У цэнтральных і паўночных раёнах Беларусі працэс фармаваньня зерня яшчэ працягваецца. На дадзены момант складваюцца спрыяльныя ўмовы, якія адпавядаюць сярэднім шматгадовым назіраньням, мяркуе навуковец. Захаваньне такіх ўмоваў гарантуе неблагі ўраджай зерневых. Аднак не паўсюль ападкі выпалі ў патрэбнай колькасьці, у шэрагу раёнаў дэфіцыт вільгаці захоўваецца. Так на Стаўпеччыне ў другой дэкадзе чэрвеня выпала ўсяго 11% дэкаднай нормы ападкаў, у Бярэзінскім раёне —19%, Пінскім — 37%, Пружанскім — 43%, на Наваградчыне — каля паловы нормы.

Пакутуе ад сушы значная частка Гомельшчыны і месцамі Менская вобласьць. Адсутнасьць вільгаці ў гэтых раёнах заўважна адаб’ецца на фармаваньні будучага ўраджаю. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчу па‑ранейшаму ня робяць прагнозаў наконт будучага ўраджаю, але зьмена надвор’я надае чыноўнікам упэўненасьці, што крытычны момант мінуўся. Застаецца спадзявацца, што надвор’е не нашкодзіць у ліпені‑жніўні. Нагадаем, што ў мінулым годзе праз надзвычай вільготны жнівень і пачатак верасеню ўзьніклі цяжкасьці з уборкай зерневых і бульбы.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0