Эдуард Скобелеў: «Адзіная краіна, дзе масоны пакуль яшчэ не дабраліся да ўлады, — Беларусь. «Сыдзе Лукашэнка — будзе страшна», — лічыць аўтар «Арбузіка і Бябешкі».

Сустрэча студэнтаў філялягічнага і эканамічнага факультэтаў ды факультэту філязофіі й сацыяльных навук Белдзяржунівэрсытэту з галоўным рэдактарам інфармацыйнага бюлетэню Адміністрацыі прэзыдэнта Эдуардам Скобелевым адбылася 20 траўня ў рамках «дня палітінфармацыі». Выступ Скобелева найбольш спадабаўся філёлягам: рэдактар прэзыдэнцкага бюлетэню выявіўся апантаным прыхільнікам «тэорыі змоваў», у параўнаньні зь ягонымі выкладкамі «Ківач Фуко» Ўмбэрта Эка — проста дзіцячая забаўка. На думку Скобелева, сьветам кіруюць масоны: яны стварылі і развалілі Савецкі Саюз («Эўразьвяз — гэта масонскае ўтварэньне. Ня думаю, што ён вытрымае выпрабаваньне часам»), іхныя амэрыканскія шпіёны ўзарвалі Чарнобыль, і цяпер масоны прызначаюць прэзыдэнтаў ды прэм’ер-міністраў («Чаму невядомыя людзі сталі ва ўрадзе Пуціна? Гэта людзі, вядомыя ў закрытых колах»). Адзіная краіна, дзе масоны пакуль яшчэ не дабраліся да ўлады, — Беларусь: «Сыдзе Лукашэнка — будзе страшна. Я пераканаўся, што роля асобы ў гісторыі — вызначальная». 4-тамовік твораў гэтай «вызначальнай асобы», паводле слоў Скобелева, мае ўбачыць сьвет праз паўтара месяца.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў газэце «Наша Ніва»

АШ