Галоўны герой Коласавай «Новай зямлі» з прычыны адсутнасьці ўласнага кавалка зямлі вымушаны быў пайсьці на службу да Радзівіла, і гэта надзвычай прыгнятала яго. Пошукі выйсьця ўмацавалі Міхала ў неадольнай мары пра вольную працу на ўласным кавалку зямлі.

Сёньняшнія бялыніцкія фэрмэры ў свой час таксама знаходзіліся на службе. Хтосьці зь іх шчыраваў у калгасе, нехта зарабляў на хлеб працай ва ўстанове. Калі ў калгасах перасталі плаціць грошы і праца страціла ўсялякі сэнс, найбольш энэргічныя ўбачылі для сябе выйсьце ў фэрмэрстве.

Куды хочаш, абы не ў калгас

Цяпер у Бялыніцкім — тыповым усходнебеларускім — раёне афіцыйна налічваецца 22 сялянскія гаспадаркі, якія валодаюць дзьвюма тысячамі гектараў зямлі, што складае каля 2% ад зямель раёну. Памер надзелаў вагаецца ад 13 да 150 гектараў.

Напачатку, калі фэрмэрскі рух толькі пачаў узьнікаць, стаўленьне да новых гаспадароў было даволі скептычнае. Хадзіла фраза: фэрмэр будзе існаваць роўна столькі, колькі будзе існаваць калгас. Гэтым сьцьвярджалася простая залежнасьць фэрмэра ад калгасу, дзе ён мог разжыцца ўгнаеньнямі, тэхнікай, палівам, камбікормам. Аднак, наколькі мне вядома зь мясцовай крымінальнай статыстыкі, ніводзін фэрмэр яшчэ ня быў злоўлены на крадзяжы калгаснай маёмасьці. Наадварот, ёсьць нямала прыкладаў, калі менавіта фэрмэр дапамагае калектыўнай гаспадарцы. Прыкладам, камбайнам на час жніва.

Да фэрмэра часьцей пачынаюць зьвяртацца па дапамогу і вяскоўцы, бо ў мясцовым саўгасе «няма магчымасьці» ці проста не дапросішся. А калі і дапросішся, то не дачакаешся той помачы.

Сёньня ўжо не чуваць ранейшай іроніі, калі гавораць пра фэрмэраў. Як не чуваць і высновы другой: «Фэрмэры краіны не накормяць!»

Праўда, многія па-ранейшаму перакананы, што будучыня сельскай гаспадаркі ўсё-такі за буйнымі таварнымі сельгаспрадпрыемствамі і месца фэрмэрству ў тым заўтрашнім дні няма.

Вядома, некаторыя фэрмэрскія гаспадаркі распадаюцца. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што сярод фэрмэраў сустракаюцца і такія, хто стварае гаспадарку толькі на тры гады. Гэта акурат той пэрыяд, на які пашыраецца дзеяньне пэўных ільгот.

Праз тры гады, выціснуўшы з узятай у арэнду зямліцы ўсе сокі, можна адмовіцца ад фэрмэрства. А можна зарэгістраваць новую фэрмэрскую гаспадарку, аформіўшы дакумэнты, скажам, на жонку, брата альбо цешчу. І зноў будзеш тры гады карыстацца льготамі.

Аднак рэдка-рэдка які былы фэрмэр вяртаецца ў калгас. Ён выпраўляецца на заробкі ў Расею, стараецца атрымаць афіцыйны статус беспрацоўнага, уладкоўваецца на працу ў лясьніцтва, ідзе качагарам. Куды хочаш, абы не ў калгас.

Такі фэрмэр ужо глынуў волі, адчуў смак працы без прынукі ды папрокаў.

Эфэктыўнасьць разьвіцьця сельскагаспадарчай вытворчасьці ва ўсе савецкія часы жадала быць лепшай. А да пачатку новага тысячагодзьдзя яна дайшла да такой небясьпечна нізкай мяжы, што прымусіла ўрад краіны выпрацаваць праграму, скіраваную на ўдасканаленьне АПК. Паўсюдна загаварылі пра рэфармаваньне калгасаў і саўгасаў, былі распрацаваны рэспубліканская, абласныя ды раённыя праграмы ажыцьцяўленьня той рэформы. Пры канцы 2001 г. аграрнікам прапаноўваўся шэраг мадэляў пераўтварэньня гаспадарак.

І на тое былі свае прычыны. Адна зь іх заключалася ў скарачэньні дзяржаўнай падтрымкі калгасаў. Агульныя аб’ёмы датаваньня беларускага АПК з 505 даляраў на гектар сельгасугодзьдзяў у 1990 г. за восем гадоў скараціліся ажно да 52 даляраў. Дадамо да гэтага славуты дыспарытэт цэнаў на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю, знос асноўных фондаў (для калектыўных гаспадарак Бялыніччыны гэты паказчык на сёньня перавышае 80%), адсутнасьць матывацыі працы… Словам, калектыўная сельская гаспадарка гінула на корані, дарэшты вычарпаўшы свой патэнцыял ды рэсурсы.

Рэфармаваньне бялыніцкіх сельгаспрадпрыемстваў плянавалася распачаць са зьмяненьня іх арганізацыйнай структуры. Для гаспадарак з крытычным эканамічным станам былі прапанаваны тры мадэлі: санацыя; стварэньне ўнутрыгаспадарчых падразьдзяленьняў, заснаваных на прынцыпах падрадных адносін, эканамічнага разьліку; прызнаньне банкрутам.

На той час у раёне налічвалася 18 гаспадарак — 6 саўгасаў і 12 калгасаў. На працягу 2002—03 г. іх засталося 14. Праўда, калгасы пры гэтым сталі называцца сельскагаспадарчымі вытворчымі каапэратывамі (СВК), а саўгасы — унітарнымі камунальнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі (УКСП).

Зьмена шыльдаў — першы і, можа, адзіны пакуль бачны вынік рэформы.

І старшыня рашыў стаць фэрмэрам

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Базыль Літвіновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0