Маскоўскі карэспандэнт "Комсомолки" пацешыўся, як "бацька" надурыў апазыцыю. Тая, маўляў, хацела ў нядзелю нарвацца на дручкі, але — аблом. Не атрымалася "карцінкі" для Захаду...

Таварышч не разумее, што для тысячаў беларусаў сам выхад на плошчу пасьля таго, як ім паабяцалі пакаранне аж да "вышкі", быў учынкам геройскім.

Дарэчы, борздаму газэтчыку варта было б пачытаць дасьведчаных камэнтатараў. Тыя сьцьвярджаюць, што ўстрымацца ад гвалту 19 сакавіка настойліва параіў Пуцін. Не ад вялікага дэмакратызму, а таму, што прыціснулі партнэры па "вялікай восемцы", у якой Маскве акурат выпала старшыняваць.

Зрэшты, пэўна спрацаваў і чыннік масавасьці. Наўрад ці наверсе чакалі, што столькі люду наплюе на страшылкі пра выбухі ды атруту з дохлых пацукоў. Народ толькі сьмяяўся, калі ў натоўпе раптам бабахаў балёнік. У той вечар многія зьведалі катарсіс ад разьвітання з хімэраю страху.

Плошча расставіла кропкі над "і".

Яна падвяла рысу пад спрэчкай, ці варта "ўдзельнічаць у фарсе". У выпадку байкоту нічога й фальшаваць ня трэба: агучвай сабе рэальны лік матчу з Гайдукевічам…

І тады б не было Плошчы.

Паўзучы таталітарызм мае ўласьцівасьць пакрысе акупаваць усе нішы, якія добраахвотна здае сьвядомая грамада. І наадварот: прайшоўшы праз усе колы перадвыбарчага пекла, маеш непараўнальна мацнейшы маральны грунт, каб патрабаваць новых, сумленных выбараў.

На Кастрычніцкай жа плошчы сапраўды адбыўся выбух. Толькі не па вэрсіі КДБ. Выбухнулі пратубэранцы грамадзянскай энэргіі.

Іншая рэч, што гэта сталася раптоўна і для лідэраў палітычнай апазыцыі. Пэўна, у ейных штабох не было дэталёвых распрацовак на выпадак беларускага Майдану (які вымагае ня толькі рэвалюцыйнай рамантыкі, але й суворай прозы пад шыльдай "Біяпрыбіральня"). Патэнцыял першага дня быў у значнай ступені змарнаваны.

Між тым, зазначаюць аналітыкі, чым яшчэ наканавана так пільна займацца апазыцыйным стратэгам у беларускіх умовах, калі не карпатлівай распрацоўкай вэеру сцэнароў вулічнай дэмакратыі?

Мілінкевіч цьвяроза кажа, што ў нас болей імаверны ня ўзьнёслы ды тэлегенічны варыянт памаранчавай рэвалюцыі, але цярністы шлях польскае "Салідарнасьці".

Сьвядомыя палякі паказалі тады ня толькі моц духу, але й дасканалае ўжываньне таго, што цяпер называюць палітычнымі тэхналёгіямі. Валоданьне імі надзвычай важнае для арганізатараў беларускага дэмакратычнага руху. Бо найхутчэй, што наперадзе цэлая эпапея барацьбы з рознымі паваротамі сюжэту, прылівамі ды адлівамі палітычнае актыўнасьці.

Кропля камень точыць. Улада сама ўжо мусіць публічна разбураць міт пра стабільнасць ды маналітнасьць. Калі ў 2001-м Лукашэнка абвесьціў пра элегантную перамогу, то гэтым разам мусіў пачаць сьпіч трыюмфатара фразай аб правале рэвалюцыі.

Дый дзяржаўная тэлевізія ўжо не абмяжоўваецца паказам пратэстаў у Францыі (памятаеце савецкі анэкдот "Мяне непакоіць Гандурас"?). Хай сабе скрозь зубы, але загаварылі пра намёты побач з рэзыдэнцыяй.

Энэргетыку Плошчы ня зьнішчыш. Можна спляжыць бульдозэрамі намёты, але маральны пляцдарм ужо заваяваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0