Змучаны баямі за асобны эмісійны цэнтар, Нацбанк вырашыў узяць тайм-аўт ды заняцца стварэньнем іміджу дагэтуль непахаванай нацыянальнай валюты.
У краіне аб’яўлены конкурс (прыз — 50 базавых адзінак) на стварэньне графічнага знаку для беларускага рубля. Цяпер усе мы маем шанц на хвілінку зрабіцца крэатыўнікамі, дызайнэрамі ды капірайтэрамі. Каб натхніцца на творчасьць, пазнаёмцеся з кароткай гісторыяй стварэньня значкоў сусьветна вядомых валют.
Будучым стваральнікам знака для беларускага рубля варта мець на ўвазе сумны прыклад эўра. Увядзеньне новай валюты ў агульнаэўрапейскае абарачэньне 1 студзеня 2002 г. было для 86-гадовага дызайнэра Артура Айзэнмэнгера сьвятам са сьлязамі на вачах. Знак €, прэзэнтаваны як сьвежасьпечаны сымбаль, насамрэч быў прыдуманы Айзэнмэнгерам больш як чвэрць стагодзьдзя таму. Гэта было ягонае апошняе заданьне перад сыходам на пэнсію з пасады галоўнага графічнага дызайнэра Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці, бабулі сучаснага Эўразьвязу. Паводле задумы мастака, € сымбалізаваў сабой ідэю аб’яднанай Эўропы — пра супольную валюту актыўная гаворка тады яшчэ не ішла. З офісу Айзэнмэнгера ў Люксэмбургу эскіз значка трапіў у Эўракамісію ў Бруселі, дзе амаль 20 год зьбіраў пыл у шафе.
У 1997 г. тагачасны прэзыдэнт Эўракамісіі Жак Сантэр прэзэнтаваў сьвету знак эўра, паведаміўшы, што яго толькі што стварыла цэлая каманда дызайнэраў. Нягледзячы на ўнёсак Айзэнмэнгера ў стварэньне блакітнага сьцяга Эўразьвязу ды эўрапейскага знака якасьці СЕ, ягонага аўтарства ў дачыненьні да знаку эўра так і не прызналі.
Так ці йначай, афіцыйнае тлумачэньне € наступнае: гэта сынтэз грэцкай літары «эпсылён», што сьведчыць пра глыбокую гісторыю Эўропы, і літары «Е» — першай у назьве кантынэнту. Паралельныя гарызантальныя лініі сымбалізуюць стабільнасьць эўрапейскай валюты. Дарэчы, сам Айзэнмэнгер сьцьвярджае, што знак — усяго толькі спалучэньне літараў «Е» і «С» (European Community — Эўрапейская супольнасьць).
У далёкім XVIII ст. гішпанская валюта пэса была, бадай, такой самай распаўсюджанай па ўсім сьвеце, як даляры цяпер. Гішпанскія грошы называлі таксама піястрамі. Вядома, друкарак ды ксэраксаў у тыя часы яшчэ ня вынайшлі, таму бухгальтарам ды справаводам даводзілася ўсе дакумэнты пісаць ад рукі. Каб не марнаваць часу ды паперы, назву валюты ў множным ліку пасьля лічбаў пісалі скарочана — «PS». Паспрабуйце накрэмзаць гэтае спалучэньне літараў разоў дзьвесьце, і вы заўважыце, што літары так і просяцца злучыцца ў адну. Зь цягам часу гэта ўвайшло ў звычай — літару «S» пачалі стала пісаць паверх «Р». Паспрабуйце самі. Нічога не нагадвае? Калі ж ад літары «Р» для зручнасьці пакінулі толькі дзьве вэртыкальныя рыскі ці ўвогуле адну, атрымаўся ўсім вядомы знак $. Упершыню ён сустракаецца ў паперах, пазначаных 1770 г.
Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"
Алесь Кудрыцкі