Аўтарка «Гары Потэра» Джаан Роўлінг абяцала, што новыя гісторыі пра юнага чараўніка зробяцца змрачнейшымі, але ніхто не чакаў, што ў кіно гэта адбудзецца так хутка.
Трэцяя сэрыя магічна-школьных казак, пастаўленая Альфонсам Куаронам, не хавае свайго сваяцтва зь фільмамі жахаў. Мокрая й цёмная атмасфэра, рыпы, гарбун з гатэлю, гаваркія і страхалюдныя галовы і, нарэшце, зданепадобныя дэмэнтары, само зьяўленьне якіх абстаўлена як атракцыён страху. У такіх умовах рэй у фільме вядуць маргінальныя асобы — няправільны прафэсар-ваўкалак (Дэйвід Цьюліс), хіпушная прарочыца Трэлані (Эма Томпсан) з траўкаю і пад трансам ды хросны бацька Гары Потэра — блыхасты Сырыюс Блэк у выкананьні вечнага вампіра і псыхапата Гары Олдмана.
У гэтую пашаноўную кампанію выдатна ўпісваецца Клякотная Вярба, крыважэрныя звычкі якой лейтматывам праходзяць праз усю карціну, а сварлівы абрыс упрыгожвае пэйзаж.
Галоўныя героі, што часта здараецца з экранізацыямі, крыху прайграюць у глыбіні, але гэта напоўніцу кампэнсуецца відовішчнымі эфэктамі кінакарціны. Пераўтварэньня прафэсара Люпіна ў ваўкалака дзеткі не забудуць і месячнай ночкай, таму я ня раіў бы вадзіць на фільм самых маленькіх.
Андрэй Расінскі
Менская кінапрэм’ера
«Гары Потэр і вязень Азкабану» («Harry Potter and the Prisoner of Azkaban»)
ЗША, 2004, каляровы, 140 хв.
Жанр: Казка
Адзнака: 6,5
(з 10)