9 чэрвеня судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску Ірына Басько прыгаварыла Аксану Новікаву да 2,5 гадоў абмежаваньня волі за «паклёп у адносінах да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі». Прычына — улёткі, якія Новікава распаўсюджвала ў тунэлі станцыі «Менск-Пасажырскі». Там вялося пра датычнасьць вышэйшых службовых асобаў да зьнікненьня людзей у Беларусі. Сваёй віны Новікава не прызнае: «усе факты, выкладзеныя ў маіх улётках адпавядаюць сапраўднасьці, бо былі апублікаваныя і ніколі нікім не былі абвергнутыя». Выклікаць на просьбу Новікавай у якасьці сьведкаў Лукашэнку, Шэймана, Сівакова, Навумава суд адмовіўся. Спадарыня Аксана гадуе трохгадовую дачку, якую ня мае з кім пакінуць. Кажа, што возьме з сабою на «хімію».

25 траўня ў Лідзе аднаго з «зуброўцаў» затрымалі падчас расклейкі ўлётак зь лягатыпам «Зубра». Другога «зуброўца» затрымалі на месцы вучобы — у школе №14. 2 чэрвеня ў Менску затрымалі актывіста «Зубра» Аляксея Ляўковіча. Супрацоўнікі Заводзкага РУУС забралі яго з працоўнага месца на заводзе МАЗ. Пасьля допыту па справе, што тычылася надпісаў «Свабоду Марынічу!», яго адпусьцілі. 3 чэрвеня міністар інфармацыі падпісаў загад аб прыпыненьні на тры месяцы выхаду недзяржаўнага выданьня «Рабочая солидарность» на падставе адсутнасьці ў рэдакцыі юрыдычнага адрасу. Галоўны рэдактар «РС» Мікола Галко скіраваў Уладзімеру Русакевічу ліст з просьбай пераглядзець рашэньне. 6 чэрвеня ў цэнтры Менску былі затрыманы журналісты здымачнай групы расейскай тэлекампаніі «Ren-TV», якія бралі інтэрвію ў двух сяброў моладзевага руху «Зубр» — Кацярыны Клімко і Максіма Громава, супраць якіх былі заведзены крымінальныя справы за палітычныя графіці «Свабоду Марынічу!». Разам зь імі быў затрыманы яшчэ адзін актывіст «Зубра» — Яўген Афнагель. Журналістаў і «зуброўцаў» затрымалі супрацоўнікі АМАПу ў цывільным, заявіўшы, што здымаць у цэнтры Менску можна толькі з дазволу Службы бясьпекі прэзыдэнта. 7 чэрвеня суд Першамайскага раёну Менску (судзьдзя Ананіч) адхіліў пазоў старшыні БХК Тацяны Процькі і яе мужа Дзьмітрыя Козыра да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі і тэлежурналіста Ю.Пракопава. Пракурор Бярозаўскага раёну Мечыслаў Курыловіч адказаў на запыт Юрася Губарэвіча, дэпутата Белаазерскага гарсавету, што для правядзеньня сустрэчаў з выбаршчыкамі дэпутаты павінны браць дазвол у выканаўчай улады. Рашэньне раённага пракурора дэпутат зьбіраецца абскардзіць у абласной пракуратуры, бо лічыць, што парушаецца Закон «Аб статусе дэпутата». Днём раней каля Дому ўраду затрымалі сябраў «Маладога фронту», якія раздавалі дэпутатам зварот галадоўшчыкаў: Зьмітра Дашкевіча, Мікіту Краснова, Насту Азарку, Аляксея Завідава, Паўла Фігірына, Сяргея Шынкевіча і Анатоля Фёдарава.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0