Нашы ўлады прызвычаіліся кантраляваць усе масавыя мерапрыемствы. Яны лезуць нават туды, дзе іх умяшальніцтва можа аказацца шкодным. У гэтым выпадку гаворка пойдзе пра фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які ўжо 12-ы раз адбыўся ў Магілёве.

За гады існаваньня фэстываль стаўся вядомым далёка за межамі краіны. У фэсьце — у конкурснай праграме і як госьці — удзельнічалі прадстаўнікі дзевяці краінаў. Аднак усё ж шмат хто лічыць, што фэст ужо ня той, што быў раней. Шкодзіць сьвяту, якое пасьпела палюбіцца магілёўцам, той афіцыёз, зь якім яго імкнуцца праводзіць. Фэсту надаюць шаблённую форму. Каб ня гурт «Testimonium» з-пад Катавіцаў (Польшча) і не «Палац», на выступе якога «Зубр» вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, дык і глядзець не было б на што. Эстэты сярод улюбёных калектываў называлі яшчэ капэлу «Санорус», але ўзровень конкурсных калектываў быў слабенечкі.

Канцэрты праводзіліся на розных пляцоўках, ня толькі ў касьцёле сьв.Станіслава. Так пажадаў гарвыканкам. Раней жа конкурс ладзіўся толькі ў касьцёле, дзе добрая акустыка.

Сяржук Гіркін, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0