13 чэрвеня ў Менску на плошчы Свабоды пад гукі ратушнага гадзіньніка ўдзельнікі абароны менскай опэры прыгадвалі падзеі 20-гадовай даўніны.

13 чэрвеня, 13 чалавек, будынак Цэнтральнага РАУС, збудаваны ў 1913-м… Гісторыя грамадзянскай актыўнасьці ў Менску пачыналася як дзіцячая страшылка.

13 чэрвеня 1984 г. студэнтка кансэрваторыі Ларыса Сімаковіч (цяпер кіраўніца фольк-тэатру «Госьціца») ішла на сьпеўкі «Майстроўні», якія адбываліся ў Палацы прафсаюзаў. Яна ўбачыла, што будынак опэры абнесены плотам і яго зьбіраюцца руйнаваць. Яна пасьпяшалася ў «Майстроўню», і ўсе трынаццацьць удзельнікаў сьпевак пабеглі на вуліцу пратэставаць.

Ідэя пра абарону будынку лунала ў паветры. Нейкі час будынак стаяў у рыштаваньнях і была пагалоска, што яго будуць рэстаўраваць. Потым зьявіліся артыкулы, дзякуючы якім грамадзкасьць даведалася, што будынак будуць зносіць. Тыя ж «майстроўцы», студэнты ВНУ арганізавалі збор подпісаў у абарону будынку, але гэта не дапамагло.

Калі «майстроўцы» прыйшлі на месца падзеі, там ужо быў тлум разявак. Балазе паглядзець было на што: будынак бурылі чыгуннай бабай, стаяў неймаверны грукат, пыл ляцеў ва ўсе бакі. Будынак рассыпаўся на вачах. Пад разьмераныя ўдары чыгуннай бабы «майстроўцы» пачалі скандаваць: «Руйнуецца помнік гісторыі!» Была шостая вечара, але міліцыянты казалі ўдзельнікам акцыі, што яны замінаюць жыхарам спаць. Тады вырашылі выказаць пратэст візуальна, і мастак Алесь Костка лётам намаляваў плякат «Руйнуецца помнік гісторыі». «Мы тады ня надта ведалі, што значыць выйсьці на вуліцу. Мы ня ведалі ні Адміністрацыйнага, ні Крымінальнага кодэксаў, мы наіўна слухаліся міліцыянтаў. Шмат што было наіўна», — кажа ўдзельнік падзей Вінцук Вячорка.

З таксафона Алесь Марачкін і Мікола Купава спрабавалі патэлефанаваць каму-небудзь з чыноўнікаў. Але быў канец працоўнага дня, і нікога з адказных асобаў не было на працы.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0