Вядома, чаяваньні скончыліся, як толькі я звольніўся з Адміністрацыі. Гэта мяне не зьдзівіла, бо я зразумеў, што ў дадатак да несумненнага розуму Бог узнагародзіў майго візаві з Рады бясьпекі яшчэ й асьцярожнасьцю. Хоць, можа быць, гэта таксама было прафэсійным.

Асабістыя адносіны — асабістымі адносінамі, але рызыкаваць ня трэба. Звольніўся чалавек — ну й добра. Пры сустрэчы можна раскланяцца і нават паразмаўляць. Але калі, да прыкладу, я зьвярнуўся да Анатоля Тозіка пасьля ягонага прызначэньня ў 1995 г. на пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі (Шэйман уважаў Тозіка за свайго чалавека і быў перакананы, што новы намесьнік ня стане яго падседжваць) з просьбай пра інтэрвію, мне ветлiва адмовілі. Тозік сказаў, што гэтае пытаньне трэба ўзгадняць зь ягоным непасрэдным начальствам. Я, праўда, ня пэўны, ці дакладваў ён пра гэта Шэйману, ці гэта была звыклая форма ўхіленьня ад адказнасьці. У кожным разе, асуджаць Тозіка за гэта ня варта. Прынамсі, я не асуджаю.

У апараце Рады бясьпекі Анатоль Апанасавiч па-ранейшаму курыраваў аналітычныя структуры. Менавіта ў пэрыяд ягонага куратарства распрацавалі й правялі акцыю, вядомую як рэфэрэндум 1996 г. Я ня ўпэўнены, што Тозік удзельнічаў у прыняцьці рашэньня аб яго правядзеньні, але тое, што менавіта ён забясьпечваў яго аналітычна, у мяне не выклікае ніякіх сумненьняў. Гэта было ягоным абавязкам паводле пасады. Прычым выконваў ён сваю работу з абсалютным спакоем, паколькі палітычная адказнасьць за тое, што адбывалася ў краіне, ляжала не на ім. І ён гэта ведаў. Дзяржаўным службоўцам увогуле прыемна асэнсоўваць, што палітычная адказнасьць за прыняцьце рашэньня і яго рэалізацыю ляжыць на ўсенародна абраным кіраўніку дзяржавы.

Хоць, мабыць, пра маральны бок таго, што адбывалася, ён задумляўся і тады. Я памятаю, як мы сустрэліся з Анатолем Апанасавічам пасьля трохгадовага перапынку ў 1997 г. Я вяртаўся цягніком з Масквы, і за тры хвіліны да яго адыходу ў маё пустое купэ ўвайшлі два супрацоўнікі Саўбезу і — Тозік. Мабыць, у той момант ён шчыра ўзрадаваўся. Я, праўду кажучы, таксама. Усё-такі дарога доўгая, і знаёмы спадарожнік лепшы, чым пустата. Мы выпілі, як і належыць чатыром мужыкам у купэ, і разгаварыліся. Тозікавы спадарожнікі спрабавалі мяне пад’юджваць: ну як так, быў у камандзе прэзыдэнта і раптам сышоў у апазыцыйную прэсу? Хіба гэта маральна? Давялося адказваць. У якасьці сустрэчнага прыкладу я прывёў лёс Юры Малумава: прэзыдэнт двойчы быў яму абавязаны — за выбары 1994 г. і за зрыў імпічмэнту 1996 г. А замест падзякі — ашальмаванага і зганьбаванага Малумава выціснулі з палітыкі і нават публічна не папрасілі прабачэньня. Мае суразмоўнікі спрабавалі чымсьці пярэчыць, але Тозік, які маўчаў, раптам адрэзаў: «Кіньце! Вы ж ведаеце, што ён праўду кажа». Ён не асуджаў прэзыдэнта — але ён і не адмаўляў зусім відавочных рэчаў, гэта значыць не рабіў яўнага глупства. І тады я зразумеў, што мае першыя ўражаньні 1994 г. мяне не ашукалі. Мала хто з чыноўнікаў вышэйшага эшалёну так рэзка абарве «шасьцёрак», якія спрабуюць яму дагадзіць, і прадэманструе такую якасьць, як справядлівасьць.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аляксандар Фядута

Заканчэньне. Пачатак у №21, 22.

«НН» пазнаёміла вас з урыўкам з кнігі Аляксандра Фядуты «Аляксандар Лукашэнка. Ягоны час, ягоны народ», якая выйдзе ў лiстападзе бягучага году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0