Ураджэнец штату Джорджыя Рэй Чарльз (нар. 1930) пайшоў з жыцьця не ў чарзе па пэнсію, а практычна на звыклым рабочым месцы… Яму, сыну чыгуначніка, здавалася б, не шанцавала з маленства. У дзесяць гадоў з прычыны хваробы ён страціў зрок. Бацькі аддалі яго ў спэцыяльную школу для дзяцей-інвалідаў, дзе ў Рэя раптам адкрыліся надзвычайныя здольнасьці да музыкі. Неўзабаве ён ужо ўпэўнена валодаў ня толькі фартэпіяна, але й саксафонам, трубой, клярнэтам.

Яму было 15 год, калі ён пачаў выступаць у начных клюбах Флорыды, выконваючы перш за ўсё клясычны блюзавы рэпэртуар. Асобаю ён зрабіўся ў пачатку 50-х, калі здолеў выпрацаваць уласны стыль, ізноў жа заснаваны на блюзе, але з актыўным выкарыстаньнем джазавых імправізацый. Пазьней, згодна з просьбамі фірмаў-выдаўцоў, Чарльз быў змушаны пашырыць стылевае кола ўласнай музыкі за кошт сэнтымэнтальных баляд, твораў музыкі кантры. Аднак, што б ён ні выконваў, усё прапускалася празь ягоную незвычайную індывідуальнасьць, пазначаную надзвычайнай экспрэсіяй, самааддачай. Нездарма Рэя Чарльза называюць хросным бацькам стылю соўл, які акрэсьліўся ў канцы 50-х у выніку спалучэньня рытм-энд-блюзу са сьпірычуэламі й госпэламі.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Дзьмітры Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0