Намесьніка галоўнага рэдактара газэты «Время» грамадзяніна Ўкраіны Міхаіла Падаляка 21 чэрвеня выдалілі зь Беларусі.

Рашэньне аб дэпартацыі журналіста яшчэ 16 чэрвеня прынялі старшыня КДБ Леанід Ерын і генпракурор Віктар Шэйман. Падставай абвешчана неназваная публікацыя ў газэце, што заклікала «да дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі». Падаляку, жанатаму зь беларускай грамадзянкай, забаранілі ўезд на тэрыторыю краіны на 5 гадоў.

Зранку 21-га супрацоўнікі сілавых структураў прыйшлі да Падаляка дадому, далі 15 хвілінаў на зборы і павялі на цягнік «Менск—Адэса». Усё было зроблена для таго, каб выдварэньне прайшло гучна. Вагон, у якім яго вывозілі, быў пад аховай міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, але незалежных журналістаў, як і здымачную групу БТ, спэцслужбісты ў цывільным да Падаляка падпускалі.

Праз скандальныя матэрыялы аўтарства Падаляка была ў свой час зачыненая «Наша свабода». Паводле інфармацыі «НН», журналіст не ўнікаў актыўных кантактаў з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Ці азначае гэта, што ён стаў выяўляць празьмерную самастойнасьць? У любым разе, гэтаму выпускніку мэдінстытуту прыйдзецца цяпер працаваць па-за межамі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0