Лідэр Гарадзенскай філіі АГП Уладзімер Чырвоненка 4 чэрвеня быў аштрафаваны на 7 базавых велічыняў (133 тыс.руб.): 7 красавіка яго затрымалі міліцыянты і хацелі наладзіць ператрус аўтамабіля, але Чырвоненка запатрабаваў прысутнасьці панятых і складаньня пратаколу — гэтыя дзеяньні былі кваліфікаваныя як «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнiкаў мiлiцыi». 11 чэрвеня падчас распаўсюду ўлётак быў затрыманы лідэр ГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Актывістаў АГП Зьмітра Коўшыка, Яўгена Данілава, Аляксандра Домаша, Сяргея Зубарава затрымалі 16 чэрвеня ў Горадні падчас збору подпісаў у падтрымку галадаючых палітыкаў: А.Домаша адпусьцілі, астатніх пратрымалі ўсю ноч у пастарунку і ўранку адпусьцілі, аштрафаваўшы на 10 тыс.руб., але не прад’явіўшы абвінавачаньняў. Таксама 16 чэрвеня затрыманы ў Менску актывіст «Зубра» Аляксандар Апраніч, які распаўсюджваў улёткі пра галадоўку палітыкаў. 17 чэрвеня актывісты «Зубра» Ўладзімер Лут, Іван Шутко і Яраслаў Касьцюкевіч былі затрыманыя ў Жодзіне каля прахадной заводу БелАЗ падчас раздачы ўлётак з інфармацыяй пра галадоўку палітыкаў, затрыманых Міхаіла Марыніча і Валер’я Леванеўскага і асуджаную Аксану Новікаву. У міліцыі ў «зуброўцаў» забралі ўлёткі. Актывістку «Зубра» Ірыну Бохан затрымалі ў той самы дзень ў Менску каля Камароўкі, дзе яна раздавала ўлёткі, а Паўла Юхневіча, Алега Радзюка, Аляксея Н. і Юлію Гарачку — каля мэтро «Пушкінская». У Гомелі падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў затрымалі кіраўніцу мясцовай філіі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяну Марчанку і прафактывіста Ўладзімера Няпомняшчых. Актывіста «Зубра» Мікіту Сасіма 17 чэрвеня затрымалі ў Баранавічах і асудзілі на штраф 190 тыс.руб. за непавагу да суду: каля 3 месяцаў таму яго затрымалі ў Полацку і асудзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але штрафу хлопец ня выплаціў. Цяпер у Сасіма штомесяц будуць вылічваць па 9 тыс.руб. — гэта пятая частка ягонай стыпэндыі. 17 чэрвеня ў Салігорскай філіі Беларускага Хельсынскага камітэту пачалася праверка, наладжаная Камітэтам дзяржкантролю й Міністэрствам па падатках і зборах, — гэта трэцяя праверка з пачатку году. Намесьніку кіраўніка Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандру Васільеву 18 чэрвеня прад’явілі абвінавачаньне ў публічнай абразе прэзыдэнта, пакуль што ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Бярозаўскі раённы суд 18 чэрвеня не задаволіў пазову дэпутаткі Белаазерскага гарсавету настаўніцы Натальлі Акаронкі пра скасаваньне вынесенай ёй вымовы, празь якую яе звольнілі з працы: дырэктар школы вынес ёй у лістападзе 2003 г. вымову за прапушчаныя заняткі, калі Н.Акаронка прысутнічала на сэсіі гарсавету. 19 чэрвеня ў Менску падчас распаўсюду ўлётак затрыманы актывіст «Зубра» Максім Громаў. За тое самае актывісткі «Зубра» Любоў Кучынская і Кацярына Сьмірнова былі затрыманыя 20 чэрвеня. У Барысаве 20 чэрвеня падчас раздачы ўлётак былі затрыманыя «зуброўцы» Міхаіл Кандрашоў і Павал Мікуловіч. Наваполацкі гарсуд 21 чэрвеня задаволіў пазоў праваабаронцы Зьмітра Салаўёва да інспэкцыі па падатках і зборах. Інспэкцыя аштрафавала Салаўёва на 190 тыс.руб. за тое, што 7 траўня ён не пусьціў супрацоўнікаў інспэкцыі ў свой офіс. Падчас суду высьветлілася, што прадпісаньне на правядзеньне праверкі было аформлена некарэктна, а таксама — што для правядзеньня праверкі не было законных падставаў. 22 чэрвеня за раздачу ля Дому ўраду зваротаў да дэпутатаў з патрабаваньнем зьменаў у выбарчым кодэксе пратаколы склалі на Сержука Высоцкага і Васіля Парфянкова зь незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды і на Алеся Васілеўскага зь незарэг. Маладога Фронту.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0