Зь нейкім няўцямным, але адначасова рашучым настроем ён падняў слухаўку і адрапартаваў па-нямецку: «Станцыя Княгінін на дроце!»

У малым, драўляным, пабудаваным яшчэ бацькам дамку, што стаіць ці ня сто год у мястэчку Княгінін, жыве стары. Усё сваё жыцьцё правеў ён на чыгунцы. А пачалося ўсё даўно, у пачатку цьмяных 40-х .

Пайшоўшы па татавых сьлядах, Шурык (як клікалі яго ў дзяцінстве) скончыў Сувалкаўскую чыгуначную вучэльню і перад другой сусьветнай пачаў працаваць. З прыходам немцаў, як патрэбны спэцыяліст, застаўся пры сваім занятку. Нядрэнна валодаючы мовай новых гаспадароў, 20-гадовы хлопец асвойтаўся з умовамі, прыжыўся сярод гераў, якія на пачатку акупацыі паводзілі сябе даволі прыстойна (дарэчы, як і ўсе акупанты) і не давалі асаблівых падстаў для антыпатыі. Паволі ішоў час: на Ўсход беглі цягнікі, вярталіся, забіралі новых салдат ды зброю і рушылі зноў да Масквы, імкліва праносячыся праз маленькую станцыю, зрэдку спыняючыся з тэхнічных патрэбаў. Стрэлачнік Шурык штодзень рабіў сваю няхітрую справу.

Так неўзабаве прыйшла восень 1942 г. Рухавік Вэрмахту ўжо збаўляў абароты, ды ўсё ж дзякуючы інэрцыі, зададзенай плянам «маланкавай вайны», яшчэ быў здольны на перамогі. Адна зь іх і прыпала на ціхі лістападаўскі дзень. Дзе дакладна праявілася германская мужнасьць і ваенны талент, Шура ня ведаў, дый, зрэшты, вялікай розьніцы не было, бо глыбокі тыл жыў жыцьцём, якое мала мянялася ад такіх падзей. Асаблівасьцю было хіба тое, што пэрсанал чыгуначнай станцыі на чале з камэндантам знаходзіўся ў прыўзьнятым настроі і, не чакаючы канца зьмены, пачаў адзначаць перамогу. І вольныя ад працы, і тыя, хто быў на вахце, з аднолькавым імпэтам ужывалі шнапс. За фюрэра і непераможную Германію было выпіта ня менш кілішкаў, чым у савецкіх бліндажах за Радзіму і Сталіна. Паступова размова перайшла на звыклыя тэмы — аб родных, хатах і даваенных часах, клімат мякчэў і паводзіны разьнявольваліся. Неўзабаве прапанова выпіць паступіла і беларускаму чыгуначніку Шуру, які зусім не прыкладаў высілкаў да трыюмфу зброі гэтага войска. Тым часам у пакоі ўсчаліся сьпевы і пайшоў у справу выцягнуты з кішэні губны гармонік. За вокнамі па-восеньску рана сьцямнела, і задымлены службовы пакойчык зь няяркім сьвятлом зрабіўся зусім малым. Нягледзячы на гэта, у ім сабралася ўся абслуга чыгункі і, ужо не разьбіраючы чыноў, балявала як у апошні раз на забытай Богам станцыі сярод чужых лясоў, падмацоўваючы сваю арыйскую годнасьць мясцовым самагонам, што пайшоў у справу па досыць хуткім сканчэньні шнапсу.

Нядзіва, што зумэр тэлефоннага апарата ў пакоі дзяжурнага па станцыі пачуў не ягоны гаспадар, а больш цьвярозы ці мо проста абраны лёсам Шура. Зь нейкім няўцямным, але адначасова рашучым настроем, без папярэдніх разваг ён падняў слухаўку і, рыхтык як гэта рабіў шмат разоў дзяжурны, адрапартаваў па-нямецку: «Станцыя Княгінін на дроце!» На тым баку праз шоргат і тлум манатонна і хутка прамовілі: «Вялейка просіць вольны праход на Полацак». — «Ёсьць праход!» — гэтак жа спраўна і абыякава адказаў выпадковы дзяжурны. Вялейка, нічога не сказаўшы, перарвала размову. Шура павольна паклаў слухаўку і выйшаў з кабінету. Усё было нібы ў сьне. У калідоры па-ранейшаму чуліся гукі п’янай гутаркі, раз-пораз перарываныя няўдалымі запевамі. Ніхто нічога ня чуў. Не пасьпеў хлапец і ачомацца, як ізноў патрабавальна цвэнькнуў тэлефон на стале ў пустым кабінэце. Шура аўтаматычна вярнуўся і паўтарыў, як надоечы: «Станцыя Княгінін слухае». — «Будслаў патрабуе праход на Вялейку!» — пачулася здалёк. «Праход дазваляем», — бязь ценю сумненьня суха і коратка сказаў дзяжурны.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Усевалад Сьцебурака

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0