80% інфармацыі за сваё жыцьцё чалавек засвойвае да 7 год. Ва ўзросьце 10—12 год ён ужо збольшага сфармаваны. Тады ўжо няма шанцаў, каб зрабіцца дзьвюхмоўным.

Большасьці з нас цяжка даюцца замежныя мовы. Шмат хто цягаецца па розных курсах, завучвае словы і выразы, але жаданага выніку не атрымлівае. Эўропа набліжаецца, а мовамі большасьць з нас, нягледзячы на навучаньне ў школе ды нават у інстытуце, так і не авалодала. Нават расейская, якую вучаць усе і як мінімум на працягу ўсіх школьных гадоў, з вуснаў беларуса аддае тутэйшым акцэнтам. Як правільна вывучаць замежныя мовы?

Дасьледчыкі моваў могуць даць цяпер некалькі добрых парад. Тычацца яны ангельскай мовы, але выкарыстоўваць іх магчыма пры навучаньні любой, нават беларускай ці расейскай.

Кожны з нас ведае са школы: чым больш завучыш слоў, тым лепш. Шмат хто пачынае чытаць кнігі са слоўнікам, думаючы, што так і слоўцы завучваюцца, і тэкст разумееш. Аднак у сапраўднасьці такая навука нічога не дае — бо шуканьне слоў займае час і адрывае ад кантэксту. А перакладзеныя словы забываюцца на другі дзень. Спэцыялісты кажуць, што так вывучаць замежныя мовы ня варта.

Ня ўсе словы сустракаюцца аднолькава часта. Існуюць такія, якіх ніколі больш не напаткаеш, а іншыя пабачыш ці ня ў кожным сказе. Апошнім часам мовазнаўцы склалі адмысловыя даведнікі па выкарыстаньні слоў ангельскай мовы. З дапамогай кампутараў былі прагледжаны мільёны тэкстаў — ад звычайных размоў і нататак да SMS-паведамленьняў з электроннымі лістамі. Дзякуючы гэтаму сталася вядома, якія словы найчасьцей ужываюць дактары, а якія — сантэхнікі, як гавораць студэнты й як — чыноўнікі.

Каб здабыць тыя штодзённыя выказваньні, мовазнаўцам давялося выкарыстоўваць мэтодыку шпегаў. Бо, напрыклад, калі вам сказаць, што будуць запісваць кожнае ваша слоўца — ці будзеце вы казаць натуральна? Дазволу на выкарыстаньне запісаў навукоўцы пыталі пасьля самога запісу, тлумачачы, навошта гэта патрэбна. А дыктафоны працавалі ў розных месцах, нават у мэтро, кавярнях і лазьнях.

Гэткім чынам паўсталі вялікія базы зьвестак. Напрыклад, «World English Corpus» складаецца з 220 мільёнаў слоў, а найбольшы «COBUILD Bank of English» уключае 450 мільёнаў адзінак мовы. Словы туды ўключаны з ангельшчыны брытанскай, амэрыканскай, канадзкай, індыйскай ды іншых яе адгалінаваньняў.

Вывучаючы іх, прафэсары выявілі, што чужаземцу на вакацыях у Англіі для нармальнай штодзённай камунікацыі патрэбна ведаць ня больш як дзьве з паловай тысячы слоў. Амэрыканцы і ангельцы ўжываюць за дзень каля 5 тысяч выразаў.

Высьветлілася, што для разуменьня большасьці тэкстаў на 90% трэба ведаць толькі 7,5 тысячы словаў. Аднак, каб зразумець яшчэ 5%, давядзецца завучыць яшчэ 4 тысячы. А наступныя 2% дадуцца пасьля зубрэньня яшчэ 6 тысяч…

Таму лепш вучыцца разуменьню мовы з кантэксту, чым забіваць галаву ўсё новымі і новымі словамі, раяць ангельскія спэцыялісты. А калі апануеш той моўны мінімум, дык варта вырашыць для сябе, навошта табе чужая мова, і вучыць далей словы, зьвязаныя зь нейкай пэўнай галіной, напрыклад бізнэсам ці астраноміяй.

Цяпер пра тое, як вучыцца. Можна слухаць у хаце касэты. Але такая мэтодыка дасьць вынікі толькі дысцыплінаваным і стойкім. Іншыя хутка страцяць ахвоту. Лепш зь некім размаўляць. Як паказалі дасьледаваньні, чужую мову лягчэй зразумець, калі мы бачым суразмоўніка.

Віною таму так званыя люстэркавыя нэўроны, што месьцяцца ў нашым мозгу. Яны злучаюць вобраз з гукам. І, дарэчы, няма розьніцы, самі вы бераце асадку ці бачыце, што нехта іншы пацягнуўся па яе, — нэўроны адразу ж спрацоўваюць. Люстэркавыя нэўроны таксама адразу ж бяруцца за сваю справу, напрыклад, у галовах заўзятараў, калі тыя бачаць, як іх любімы футбольны нападаючы кідаецца да брамы суперніка. І няма розьніцы, дзе знаходзіцца заўзятар — каля брамы, на стадыёне ці на сваёй канапе насупраць тэлевізара. Зрок з дапамогай нэўронаў робіцца дадатковым каналам для перасылкі інфармацыі.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Руслан Равяка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0