Зь Фядорай Конюхавай працавалі Акадэмія навук СССР, Інстытут радыётэхнікі і радыёэлектронікі, Усесаюзны навукова-дасьледчы і выпрабавальны інстытут мэдыцынскай тэхнікі Міністэрства аховы здароўя СССР, катэдра шпітальнай хірургіі Ўнівэрсытэту дружбы народаў. Усе паўтаралі адну ідэю: фэнамэнальныя здольнасьці, надзвычай моцнае біяполе, гаючыя здольнасьці навукай пацьвярджаюцца, але не тлумачацца.

Я быў упэўнены, што яе ўжо няма. Праяжджаючы па Бялыніччыне са здымачнай групай, я вырашыў наведаць вёсачку, у якой жыла Фядора. Балазе гэта было па дарозе. На ўскрайку вёскі — сіні дамок збоч дарогі. Вялікі і пусты, маўклівы. Прасторны голы двор, адчыненыя весьніцы — і замок на дзьвярах. «Пасьля яе, тут, можа, ніхто і ня селіцца», — сумна падумаў, падняўся назад на шашу.

Двое ў джынсавых куртках, немаладыя мужчына і жанчына, нетаропка набліжаліся аднекуль з цэнтру вёскі. Я рушыў ім насустрач, мяркуючы распытаць, дзе тут менавіта жыла Фядора. «Чаму «жыла»?» — асьцярожна спытаў мужчына, схілены пад цяжарам сумкі. «Здаецца ж, яна мёртвая, так?» — гэтак жа асьцярожна і нягучна сказаў я. «Бог з вамі!» — ён схапіў мяне за руку, нібыта спрабуючы ласкава і выключна з выхаваўчымі мэтамі пабіць за глупства. Гэтыя двое аказаліся з Масквы, прыехалі да Фядоры. Зь беларускай лекаркай зьвязаліся праз свайго знаёмага, філёзафа і акадэміка Сьпіркіна — таго самага, па чыіх падручніках любілі вучыцца студэнты ў савецкія часы. Няўклюдна апраўдваючыся за сваё няведаньне, вяртаюся разам з масквічамі на ўскраек вёскі. Тут мне паказваюць адчыненыя жалезныя вароты, за якімі агромністы чырвоны цагляны дом адступае ў засень лесу, абкружаны акуратнымі аднолькавымі хлеўчукамі і такім самым чырвонацагляным летнікам.

Як я хутка даведаўся, у летніку Фядора прымае наведнікаў, а ў хлеўчуках жывуць тыя зь іх, хто застаецца лячыцца на доўгі тэрмін. І як высьветлілася таксама, той сіні маўклівы дамок таксама быў ейны, але некалькі гадоў таму яна пакінула яго.

Слава пра Фядору Конюхаву зь Пільшыч, што ў Бялыніцкім раёне, пад Магілёвам, апанавала гэты край у 1980-я.

Мае бацькі мелі дачу ў суседняй вёсцы, з бээнэфаўска-брэжнеўскай (у залежнасьці ад мовы прачытаньня) назвай Адраджэньне/Возрождение. У тыя 80-я, неяк пачынаючы з аднаго лета, наша даволі глухая лясная шаша ператварылася амаль у сталічную магістраль. Людзі ехалі з усяго Саюзу. Нядзіўным стала, напрыклад, злавіць спадарожную машыну да станцыі з казахскімі, уральскімі нумарамі. Бум пачаўся пасьля артыкулаў у сталічных газэтах, дзе пра Фядору часьцяком гаварылася поруч з тагачаснымі супэрзоркамі тэлегіпнозу Кашпіроўскім і Чумаком. Толькі Фядора якраз не гіпнатызёр, хоць, паводле яе слоў, менавіта гэтыя здольнасьці заўважыла ў ёй маці, сама дачка гіпнатызёра. «Мая бабуля была добры гіпнатызёр», — расказвала мне потым Фядора, і ад гэтай памылкі павеяла нейкай натуральнай прастатой, якая якраз і падкупляе.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аляксей Бацюкоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0