Абласныя ўлады зьбіралі ў Горадні гэтак званы «Савет палітычных партый і грамадзкіх арганізацый». Задачай было паказаць, што «грамадзкасьць», аказваецца, цалкам ухваляе ўсе дзеяньні па рэканструкцыі, што адбываецца ў Старым горадзе, а бунтуюць толькі розныя ідэалягічна нясьпелыя людзі, пераважна моладзь.

Гэты самы «савет» складаюць створаныя і фінансаваныя ўладай арганізацыі —»Белая Русь», БРСМ, вэтэранскія, КПБ. Самымі значнымі па рангу на сходцы былі ідэалягічны бос вобласьці яшчэ з савецкіх часоў Марыя Бірукова, якая займае пасаду намесьніцы старшыні аблвыканкаму, і начальнік абласнога ідэалягічнага упраўленьня Уладзімір Амелька. Праўда, фармальна вёў сустрэчу Сяргей Анішчык — кіраўнік абкаму Камуністычнай партыі Беларусі, але з той жа «кагорты» — раней ён працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі.

Прагучала, што ўсе зьмены ў горадзе неабходна шырока абмяркоўваць. Але тым жа часам спадар Анішчык, напрыклад, зазначыў: «камуністы гораду і вобласьці вельмі станоўча ставяцца да той рэканструкцыі, якая праходзіць» у цэнтры Горадні. А раз яны згодныя на любыя дзеяньні ўладаў, што тады абмяркоўваць? Зрэшты, слова «абмеркаваньне» ўжыта проста ў разьліку на шырокую публіку, якой, гэтак жа як і камуністам з вэтэранамі, насамрэч усё роўна, што вырабляюць улады, абы тратуары выклалі пліткай і сьцены пафарбавалі.

Ідэалягічныя начальнікі не пайшлі да тых гісторыкаў, архітэктараў, архэолягаў, мастакоў, студэнтаў, якія любяць свой горад, ведаюць ягоную гісторыю і якія б’юць у званы, абвінавачваючы гэтую ўладу ў руйнаваньні архітэктурнай спадчыны, у знішчэньні культурнага слою ў ахоўнай зоне. Начальнікам гэта ня трэба, у іх у кішэні «усеагульная падтрымка» сваіх памагатых з КПБ, БРСМ і г.д. Пакуль Бірукова з Амелькам ня склікалі гэты свой «савет», усе гэтыя кішэнныя арганізацыі ні разу не заікнуліся аб праблемах рэканструкцыі, бо рэканструкцыя іх не цікавіць і ніякіх праблемаў яны ня бачаць.

Сёньня ідзе паскораная пераробка адзінай у горадзе пешаходнай вуліцы Савецкай — зьнішчаны дрэвы, выдзерты бардзюры з апошняй згадкай пра даваенныя часы, пра мясцовае самакіраваньне — выбітым на іх кляймом на польскай мове «Магістрат г.Гродна». Праўда, улады гавораць, што зробяць лепш, чым было — выкладуць тратуары гранітнымі плітамі.

Алесь Кавалёў, Прынямоньне № 15, Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0