Падзеяй, што сабрала лысых ды голеных, патлатых ды абскубаных, стала адкрыцьцё Тэатру арміі ў Доме афіцэраў, заснаванага з мэтай «патрыёпцічаскага выхаваньня моладзі» ды разьвіцьця культуры.
П’еса мэтра Дударава «Ты памятаеш, Алёша?» створаная ў стылі клясычнага адзінства часу (эпізод з другой сусьветнай), месца (Магілёў) ды дзеяньня. Абарона гораду. Рэшткі арміі ціснуцца ў акопах. Толькі камкор ведае, што іх справа безнадзейная. Усе лыкаюць ня звыклы сьпірытус, а недавезены да немцаў каньяк, ворагам — пляшкі з кактэйлем Молатава — ды абмяркоўваюць нямецкіх тэарэтыкаў. Згадваецца цацачная дзяржава (адзін немец, адзін камісар, адзін камкор…). З аднаго боку — гімны ды агромністая выява Беларусі ў сучасных межах, зь іншага — рэпрэсіі ды прыхаваная іронія да ўладаў («Таварышч першы заўжды першы»). Адзіны адносна беларускамоўны — здраднік ды напаўдэбіл Ляксей: уцёк, бо «спужаўся», апраўданы за зьнішчэньне гранатай машыны з-за кута (супрацьлегласьць мужнаму камкору Аляксею). Усё — на фоне надзеі на сьветлую будучыню ды славянафільскае ідэі. Закаханая сувязістка выклікае толькі пазяханьне (сэнтымэнтальныя бабулькі выкалупваюць хустачкі). Зрэшты, тэатар — яечка з падазроным патэнцыялам пад вайсковым шалупіньнем. Раптам яго падкінула нацыяналістычная зязюлька?
Болачка