У цяперашнім рэжыме найбольш турбуе яго комплекс непаўнавартасьці — нацыянальнай і агульначалавечай, — піша журналіст Аляксей Знаткевіч, — тым больш што гэты ж комплекс адаб’ецца і на наступных пакаленьнях. Каб загаіць раны мінулага, трэба быць гатовымі да кампрамісаў.

Пры канцы 1980-х у беларускія гарады разам з джынсамі-«варонкамі» і аднолькавымі турэцкімі швэдрамі прыйшлі новыя цікавыя словы — напрыклад, «рэкет». Дагэтуль памятаю сваё ўражаньне 14-гадовага хлопца ў магілёўскім ДК «Хімвалакно», дзе ў 1988-м адбываўся першы ў Беларусі «Всесоюзный» рок-фэстываль. Размаляваны Лявон Вольскі на сцэне рыкаў у мікрафон: «А зараз песьня, прысьвечаная такой сацыяльнай зьяве, як прастытуцыя!» Што такое прастытуцыя, я ўжо ведаў.

1990-я гады таксама прынесьлі новыя прыгожыя словы. Але некаторыя зь іх дагэтуль застаюцца малазразумелымі. Скажу болей, на пару такіх слоў адукаваныя людзі ў нашай частцы сьвету часам рэагуюць як маладзенькая настаўніца, якая пабачыла на кляснай дошцы намаляванае крэйдай «х.й». Адно з такіх слоў — паліткарэктнасьць.

Слова для тых, хто яшчэ вучыўся ў СССР, нечым дужа падобнае на ленінскі «Рабкрын». Усе ведаюць, што яго трэба рэарганізаваць, некаторыя нават ведаюць як, але ніхто не пацікавіўся, навошта гэта трэба.

Наконт паліткарэктнасьці ўсе ведаюць, што прыдумалі яе ў адной з заходніх лябараторый. Большасьць здагадваецца, што яна падобная да каларадзкага жука: толькі пусьці яе ў краіну — пажарэ ўсю бульбу. Што праўда, мала хто цяміць, чым яна адрозная ад нашых родных «талерантнасьці», «памяркоўнасьці», «рахманасьці» ды «млявасьці» і ці розьняцца нечым апошнія чатыры між сабой.

Крытыкуюць паліткарэктнасьць беларусы рэдка — важнейшых дзялоў хапае. Хіба што «Советская Белоруссия» час ад часу пакпіць на тэму саломіны ў чужым воку і бервяна ў сваім.

Затое расейскія мэдыі сьцябаюцца як толькі могуць. «Як так — нэгра нэграм назваць нельга?! Нас у школе вучылі, што Расея — радзіма сланоў, на Чукотцы жывуць чукчы, а ў Амэрыцы нэграў лінчуюць», — шчыра падзівіцца чарговы Браток-2, прыехаўшы ў ЗША.

Камэнтатары ў больш рэспэктабэльных «Известиях» па-сяброўску ўшчуваюць сваіх эўрапейскіх і амэрыканскіх калег: вам няма чаго рабіць? Агульныя высновы: «з раскошы шалеюць» і «ў нас гэтага няма».

Чарнаскурая сястра

Паліткарэктнасьці ў сэнсе здаровага розуму сапраўды часам не стае. Памятаю, як некалькі гадоў таму мяне павесяліў у тых жа «Известиях» артыкул пра нейкую расейскую тэнісістку (ня Ганну Курнікаву, клянуся!). Апавядаючы пра яе шлях шматлікіх перамог і рэдкіх параз, газэта называла рэйтынгі суперніц. Але раптам я даведаўся, што яна прайграла «чернокожей Винус Вильямс». Дзе ў рэйтынгу была гэтая чарнаскурая лэдзі, «Известия» не напісалі.

Магчыма, Вінус Уільямс тады была першым нумарам, і газэтчыкі вырашылі, што кожны чытач гэта ведае. Магчыма, я быў адзіны, хто ня ведаў рэйтынгу і ведаў, што Вінус Уільямс — нэгрыцянка. Наколькі памятаю, «Известия» паведамілі пры канцы артыкулу, што расейскую тэнісную зорку хутка чакае змаганьне зь сястрой Вінус — «чернокожей Сереной Вильямс». Я не жартую. Рэйтынгу другой чарнаскурай тут ізноў не было, але прынамсі ўсе даведаліся, што паміж сёстрамі Ўільямс няма расавых канфліктаў. Ці былі сярод суперніц расейскай зоркі іншыя «каляровыя» і якога колеру яна сама, газэта таксама не напісала. Карацей, паліткарэктнасьці на вас няма!

Як вучыць псыхалёгія, мы больш здольныя ўспрымаць як асоб менавіта людзей сваёй групы — расавай, этнічнай, сацыяльнай, эканамічнай ці палітычнай. Чым далей ад цябе група — тым больш падобнымі паміж сабой здаюцца людзі. Толькі пабачыўшы нейкую колькасьць азіятаў, я заўважыў, што японцы не падобныя да кітайцаў, а карэйцы нечым адрозьніваюцца ад першых і другіх. Я магу колькі хочаце спрачацца з актывістам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ, але для прыхільніка «саюзнай дзяржавы» мы абодва застанемся «нацыяналістамі».

Паліткарэктнасьць карысная, калі яна прымушае паглядзець на свае стэрэатыпы нібыта збоку.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Аляксей Знаткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0