«Польшча павінна выплаціць кампэнсацыі сваім грамадзянам, што ў выніку другой сусьветнай вайны былі вымушаныя пакінуць сваю маёмасьць на тэрыторыях былой Заходняй Беларусі і Ўкраіны ды выехаць у Польшчу ў яе цяперашніх межах», — гэтак пастанавіў Эўрапейскі суд па правох чалавека ў Страсбургу.
У 1944—53 г. у рамках «рэпатрыяцыі» з Заходняй Беларусі і Ўкраіны ў Польшчу выехалі каля 1 мільёна 240 тысячаў палякаў, сярод якіх было шмат і такіх, хто проста назваўся палякам, каб уцячы са сталінскага СССР.
Паводле дамоваў паміж ПНР і савецкімі Беларусяй, Украінай і Расеяй, гэтыя людзі, вымушаныя пакінуць сваю маёмасьць (у Польшчы іх завуць «забужане», бо перасяліліся з-за Бугу), мелі права на раўнавартасныя кампэнсацыі ад польскіх уладаў. Некаторыя зь іх атрымалі нерухомасьць у заходняй Польшчы, на былых нямецкіх тэрыторыях ці ў Гданьску. Добрая ж частка «забужанаў» дагэтуль ніякіх кампэнсацыяў не дачакалася, бо дзяржава папросту ня мела сродкаў, каб выплаціць ім адпаведныя грошы ці перадаць адпаведную нерухомасьць.
Сёлета спадар Ежы Бранеўскі з гораду Вялічка накіраваў пазоў у Эўрапейскі Суд у Страсбургу супраць польскай дзяржавы і запатрабаваў кампэнсацыю за дом, пакінуты ў Львове. Справа «Бранеўскі супраць Польшчы» скончылася паразай польскай дзяржавы.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Аляксей Дзікавіцкі, Варшава