Студэнтаў філфаку Яўгена Скрабутана і Алеся Курсевіча 2 ліпеня выключылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту. На сьцяне навучальнага корпусу і асфальце юнакі напісалі словы «Зубр» і «Спыніць русіфікацыю!», за што былі затрыманыя міліцыянтамі.

Цікава, што затрымліваў іх былы студэнт беларускага філфаку таго ж унівэрсытэту, які пайшоў служыць у міліцыю.

Выключэньне адбылося на прапанову нарады дэканаў і прарэктараў з ініцыятывы прарэктара па выхаваўчай рабоце спн.Бадзюковай пасьля ліста кіраўніка гарадзенскай міліцыі генэрала Белашэўскага. Выгнаць празь непасьпяховасьць было няможна: яны вучацца добра.

Дэкана філфаку сп.Церлюкевіча пад пагрозай звальненьня змусілі падаць у рэктарат «прадстаўленьне» на выключэньне студэнтаў. Тым ня менш, як стала вядома «НН», у гэтай заяве дэкан прасіў «не ламаць маладыя лёсы» і даць давучыцца, згадваў, што з студэнтамі правялі тлумачальную працу і прымусілі бясплатна адпрацаваць на карысьць унівэрсытэту. Выкладчыкі філфаку называюць выключэньне «непрыемнай неспадзяванкай». «НН» будзе сачыць за справай.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0