Ждановічы, Калодзішчы, Сосны сталі лічыцца часткамі Менску.

Нерухомасьць Заслаўя й Гатава па цане наблізілася да менскай. Мястэчкі накшталт Лашанаў, Самахвалавіч, Паперні выйшлі на рынак.

***

У буйных гарадах значны адсотак насельніцтва — выхадцы зь сяла, якіх карэнныя месьцічы пагардліва называюць «калхозьнікамі». Называй як хочаш, але гэтая праслойка працягвае прырастаць новымі мігрантамі. Вёска згасае за кошт перамяшчэньня працаздольнага насельніцтва ў гарады. Але сапраўдныя маштабы гэтай зьявы можна ацаніць толькі пры аглядзе рэгіянальных рынкаў нерухомасьці.

Гульні дарослых прадпрымальнікаў

Было б няслушна сьцьвярджаць, што ў Беларусі рынак нерухомасьці нецывілізаваны. Існуе толькі купка рыэлтарскіх кантор, якая ціха гуляе паміж сабою на нейкай імправізаванай пазабіржавай пляцоўцы, накшталт таго піўняка, дзе зьбіраліся першыя нью-ёрскія брокеры.

Выбуховы ўздым кошту жытла ў Менску можна растлумачыць досыць лёгка. Калі ў нармальнай сусьветнай практыцы агенцтва нерухомасьці пасьля заключэньня дагавору ацэньвае аб’ект і прадае яго, кладучы сабе ў кішэнь 5—6% камісійных, у беларускім рыэлтынгу звычайна пачынаюць «канструктыўны дыялёг» з уласьнікам жытла, якое прадаецца, з абяцанак прадаць нерухомасьць па найдаражэйшай цане. Рэальны кошт аб’екту не цікавіць ані прадаўца, ані агенцтва. Вядома, зьверху яшчэ накідваюцца камісійныя, у выніку гэтыя фактары і ўплываюць на рост цаны.

У сваю чаргу, прадавец не жадае афармляць эксклюзіўны дагавор з канкрэтным рыэлтарам. У выніку агенты становяцца ахвярамі ўласнай некампэтэнтнасьці, прапанова ёсьць, попыту няма, а цэны проста шалёныя.

Паводле афіцыйных зьвестак, сярэдні заробак «чыстымі» ў краіне — каля 130 даляраў. Мінімальны кошт пакою ў менскай камуналцы на гарадзкой ускраіне, недзе ў Заводзкім раёне ці, напрыклад, у хрушчобах якой-небудзь «Розачкі», — 5 тыс. даляраў. Сярэднестатыстычнаму жыхару Беларусі давядзецца зарабляць на такі мінімальны варыянт сталічнага жытла больш за тры гады, пры ўмове таго, што ён жыве ва ўласнай хаце, ня плаціць за камунальныя паслугі і корміцца са сваёй гаспадаркі. А ў пераважнай большасьці выпадкаў нават пакою ў менскай камуналцы сярэдняму беларусу ня ўбачыць як сьвіньні неба.

Тады хто ж засяляецца ў новыя менскія кватэры? Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ня менш за 60% зьдзелак прыпадае на розныя віды абмену. Часьцей за ўсё гэта альбо абмен жытла з горшага на лепшае з даплатай, альбо пераезд з рэгіёнаў у Менск. Другі варыянт, нягледзячы на галечу беларускіх рэгіёнаў, дастаткова папулярны, бо звычайна вялікай вясковай сям’і ёсьць што абмяняць на аднапакаёўку на ўскраіне Менску: людзі гатовы аддаць усё нажытае імі і продкамі, каб толькі вырвацца зь вёскі і пачаць у сталіцы новае, як яны мяркуюць, жыцьцё.

Гарады-спадарожнікі ці гарады-паразыты?

Побач з рынкам жылой нерухомасьці Менску апошнім часам сталі ўзьнікаць міні-рынкі жытла менскіх прыгарадаў. Часьцяком некаторыя населеныя пункты, якія ўжо неафіцыйна атрымалі статус спадарожнікаў сталіцы, немагчыма аднесьці нават да бліжэйшай Меншчыны, ня тое што да прыгараднай зоны. Прыгарадамі звычайна лічыліся такія гарады й мястэчкі Менскага раёну, як Ждановічы, Заслаўе, Міханавічы, Калодзішчы, Гатава й г.д. Мястэчкі накшталт Лашанаў, Самахвалавіч, Паперні, нягледзячы на прыналежнасьць да Менскага раёну, ужо лічыліся ня вельмі прэстыжнымі месцамі жыцьця. Цяпер сытуацыя рэзка зьмянілася.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Раман Мамчыц

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0