Мілыя падрабязнасьці зь непублічнага жыцьця беларускага войска

«Дзедаўшчына набыла вычварны эканамічны характар. Дзікі вайсковы капіталізм: у некаторых часьцях сяржанты звальняюцца, маючы ў кішэні неслабыя грошы. Дзедаўшчыну фізычную тут прыціснулі з дапамогай цялеснага агляду ў лазьні», — наш чытач Сямён Печанко за тры дні да дэмбелю дзеліцца сваім досьведам тэрміновай службы.

Раней я пісаў у «НН» усё больш з тым, каб праз прыватныя абвесткі павіншаваць родных і блізкіх са сьвятамі. Ня будзе выключэньнем і гэты раз, але ў гэтым лісьце віншаваньні выступяць у ролі дапаўненьня. Служыць засталося ўсяго некалькі дзён.

У адпачынку перабіраў леташнія «НН», складаў іх па нумарах і знайшоў вайсковыя лісты сп.Балахонава. Цікава было параўнаць свае адчуваньні і ўражаньні ад вайсковай службы з тым, пра што пісаў гомельскі карэспандэнт «НН». Дасьцёбкі засталіся нязьменнымі — тыя ж зашытыя кішэні, тая ж забарона слова «можна» (толькі «дазвольце»). Хіба што сама дзедаўшчына пачынае набываць вычварны эканамічны характар. Гэткі сабе дзікі вайсковы капіталізм: з «маладых» менш зьдзекуюцца маральна і фізычна, а больш націскаюць на матэрыяльны характар узаемаадносінаў. У некаторых часьцях сяржанты звальняюцца, маючы ў кішэні неслабыя грошы. Быць сяржантам і не набыць цягам службы мабілу — проста грэх! Тая ж мабілка на Фолюшы — таксама крыніца заробкаў: хвіліна размовы з мамай, каханай дзяўчынай — 1000—1500, а то й болей рублёў.

Парваліся боты ці знасілася вопратка — мусіш зьвярнуцца да камандзіра аддзяленьня (бо ён твой непасрэдны начальнік, асабліва калі ты яшчэ «дух»), а ўжо ён праз знаёмага, што служыць на складзе, знойдзе табе за «добрыя» грошы, не забыўшыся на сябе (часам камісійныя складаюць палову кошту), патрэбную рэч. І гэтак і ў Баранавічах, і ў Слоніме, і шмат дзе.

Рады за сябе і за тых, каму пашчасьціла служыць у Наваградку. Тут дзедаўшчыны амаль няма, а тое, што ёсьць, папросту сьмешнае ў параўнаньні зь вялікімі часьцямі. Тут увогуле досыць мяккі рэжым службы. Адзін прапаршчык ахарактарызаваў наш полк як ваенізаваны піянерлягер «Зорачка».

Але казаць пра тое, што дзедаўшчына цалкам зьнікла ці перайшла ў «эканоміку», не даводзіцца: нам з зайдроснай рэгулярнасьцю даводзяць пастановы вайсковага суду аб асуджэньні ваенаслужачых. У пераважнай большасьці асуджаюць за нестатутныя ўзаемаадносіны, на другім месцы — злоўжываньне алькаголем.

Найбольш «славіцца» нестатутнымі адносінамі пяхота ў вялікіх брыгадах (Слонім), што тлумачыцца сапраўды нялёгкай службай, адсутнасьцю нармальных умоў, рэгулярных звальненьняў і г.д. У гэтым пляне наваградзкая часьць выглядае досыць прыстойна. А калі дадаць вельмі неблагую сталоўку, то можна казаць, што служыць тут проста. Хоць ёсьць хлопцы, што вельмі сумуюць па дзедаўшчыне і «мучацца» ў гэтай «аранжарэі».

Полк наш невялікі. Дзедаўшчыну тут прыціснулі некалькімі эфэктыўнымі мерамі. Кожную пятніцу ў лазьні праводзіцца цялесны агляд: любая падазроная драпіна ці сіняк бяруцца на ўлік, што можа пацягнуць за сабой разбор. Як і любое праяўленьне напружанасьці ці агрэсіі ў дачыненьні між салдатамі, заўважанае афіцэрам ці прапаршчыкам. У часе каранціну забароненыя любыя кантакты з «маладымі», а любое зьняважлівае дзеяньне ці нават слова (кшталту «дух») таксама караюцца. Тым ня менш, інцыдэнты здараюцца, толькі яны носяць прыхаваны характар.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сямён Печанко, Наваградак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0